president.gov.by

president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Падчас сустрэчы кіраўнік краіны і кіраўнік МЗС разгледзелі стан спраў у замежнаэканамічнай дзейнасці і графік міжнародных сустрэч. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

«Першае і асноўнае пытанне — гэта аналіз знешнеэканамічнай дзейнасці. Калі браць нашу замежную палітыку, у нас тут больш-менш стабільная сітуацыя. Што тычыцца наогул знешнепалітычных прыярытэтаў, яны вызначаны. Падабаецца гэта каму-небудзь ці не, шматвектарнасць знешняй палітыкі зыходзіць з нашага месца ў свеце, вызначанага госпадам богам. І ад гэтага нікуды не дзенешся»,— сказаў кіраўнік краіны.

«Я ўжо казаў, што эканоміка — гэта прыярытэт нумар адзін. І калі чагосьці баяцца, то трэба баяцца і дрыжаць за эканоміку, каб яна развівалася як мае быць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што экспарт — аснова беларускай эканомікі. Менавіта таму знешнеэканамічная дзейнасць развіваецца з акцэнтам на экспарт. «Як тут у нас сітуацыя?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

У якасці другога пытання Аляксандр Лукашэнка вызначыў графік будучых кантактаў, перш за ўсё на найвышэйшым узроўні. «Гэта тычыцца прэзідэнта — на астатні прамежак гэтага года. Асноўныя мерапрыемствы ўнутры краіны і з выездам за межы. Мы таксама дамаўляліся, што гэта павінна быць сістэматызавана і мне дакладзена па ўсіх мерапрыемствах», — сказаў ён.

У частцы знешнеэканамічнай дзейнасці Уладзімір Макей нароўні з недахопамі адзначыў наяўнасць пазітыўных тэндэнцый. За першае паўгоддзе 2018 года экспарт вырас на 19,4%. Пры гэтым назіраецца рост паставак высокатэхналагічных тавараў. «Ідзе рост на ўсіх рынках. У залежнасці ад рынку — ад 4% да амаль 30%. Гэта станоўчыя моманты. Вельмі актыўна развіваецца знешнеэканамічная дзейнасць з Кітаем. У нас тут рост на 37%. Пайшла сельскагаспадарчая прадукцыя», — сказаў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0