Начальнік 72-га гвардзейскага аб’яднанага навучальнага цэнтру падрыхтоўкі ў Печах Канстанцін Чарнецкі быў звольнены са сваёй пасады рашэньнем Лукашэнкі праз два тыдні пасьля сьмерці салдата Аляксандра Коржыча, піша Радыё Свабода.

Допыт Чарнецкага ў аўторак 4 верасьня стаў нечаканасьцю. Усяго за некалькі гадзін да гэтага пракурор паведаміў, што Чарнецкі зможа прыбыць на працэс 5 верасьня альбо пазьней

«Кантраляваць усё немагчыма»

«Трэба добрасумленна працаваць з вайскоўцамі, зыходзячы са Статуту, — заявіў на судзе Канстанцін Чарнецкі. — Дастаткова і часу, і загадаў. Дастаткова проста іх выконваць. Калі я быў камандзірам роты, выконваў усе свае абавязкі і, дзякуй Богу, усе былі здаровыя».

Паводле Чарнецкага, у Печах рабілася дастаткова захадаў, накіраваных на выяўленьне і барацьбу з пазастатутнымі дачыненьнямі. Праца вялася як з шарагоўцамі, так і зь сяржантамі, зь якімі праводзіліся штомесячныя сустрэчы. У вайсковых аддзяленьнях праца з шарагоўцамі вялася штодня.

«Гэтыя дакумэнты ёсьць, вы іх можаце праверыць, — заявіў Чарнецкі. — Вялася праца для выяўленьня схільнасьцяў да суіцыду. Але ў гэтай сытуацыі, падобна, адбыўся нейкі збой».

Канстанцін Чарнецкі расказаў, што Коржыч служыў у новай казарме, праблемы з матэрыяльным забесьпячэньнем салдат там адсутнічалі. Па словах палкоўніка, у выніку аналізу сытуацыі, рота Коржыча не заслугоўвала асаблівага стаўленьня, таму што ня мела больш парушэньняў за іншыя падразьдзяленьні Аб’яднанага цэнтру (агулам у АНЦ у Печах 6 навучальных рот (школ) і дзьве дадатковыя).

«Я быў абавязаны арганізаваць групу кантролю сытуацыі ў цэнтры памерам 4-5 чалавек, — расказаў Чарнецкі. — Яны мусілі кантраляваць розныя аспэкты. Я сам, напрыклад, кантраляваў каравулы, прыём ежы, ранішнія пад’ёмы. Камандзіры мне дакладвалі стан рэчаў, я дакладваў намесьніку міністра абароны. А 8-й раніцы ў мяне зьбіраліся камандзіры, я даваў даручэньні на дзень. Пасьля мы накіроўваліся на заняткі. Як правіла, на самыя важныя: стральба, кіраваньне. Усё, што было зьвязана зь небясьпекай».

Паводле Чарнецкага, камандзіры частак і рот павінны былі кантраляваць пазастатутныя адносіны ў сваіх падразьдзяленьнях. Аднак афіцэры не павінны былі начаваць на тэрыторыі сваёй часткі.

«Магчыма, сяржанты і маглі скарыстацца гэтым, — сказаў Чарнецкі. — Кантраляваць усё, у тым ліку ў начны час, немагчыма. За кантроль на месцы адказвае дзяжурны па роце, у яго абавязкі ўваходзіць паведамляць аб парушэньнях дзяжурнаму па частцы. Але дзяжурны па роце не знаходзіцца на месцы ўвесь час. Калі б я ведаў пра факты парушэньняў, то павінен быў рэагаваць на іх. Мне пра іх было невядома, пра іх не дакладвалі. Прычына тут адна — нізкія маральна-валявыя якасьці».

«Усё добра не бывае»

Чарнецкі расказаў на судзе, што часткі ў Печах, на яго думку, даволі спэцыфічныя. Салдаты там не знаходзяцца ўвесь час, яны прыходзяць на вучобу і пасьля сыходзяць. Застаюцца толькі адабраныя для службы там сяржанты, якія таксама ў выніку падзяляюцца па пэрыядах службы.

«За мой пэрыяд быў траўматызм, гэта я памятаю, — расказаў Чарнецкі. — Вядома, паміж сяржантамі розныя стасункі. Яны разам жывуць, сябруюць. Магчыма, існавала таксама нейкае пакрывальніцтва паміж імі. Фактаў не было. Але ўсё добра не бывае. Усё добра бывае, калі не працуеш. Праводзіліся выхаваўчыя гутаркі. Пачынаючы з камандзіра вайсковай часткі, сканчаючы сяржантамі. Асабіста я праводзіў. Расказваў пра факты пазастатутных дачыненьняў, пра тое, якія былі пакараньні. Расказваў пра абавязкі, прававое інфармаваньне, ідэалягічная праца».

Як сказаў Канстанцін Чарнецкі, выяўленыя пасьля сьмерці Коржыча факты пазастатутных адносінаў мелі прыхаваную форму. Іх прычынай стала невыкананьне сваіх абавязкаў сяржантамі, там, дзе «праца зь людзьмі бліжэй». А таксама ў сфэры кантролю. Ён таксама расказаў, што сяржанты, у яго разуменьні, ня мелі права выдаваць тэлефоны салдатам нават у вызначаныя для гэтага дні. Гэта ўваходзіла ў абавязкі ротных афіцэраў.

«Пра тое, што былі факты выкупу тэлефонаў, я даведаўся толькі падчас сьледзтва і з інтэрнэту, — заявіў Канстанцін Чарнецкі. — Раней пра іх не было вядома. Але можна дапусьціць, што гэта было рэальна. Да вайскоўцаў прыяжджалі бацькі, сябры».

Канстанцін Чарнецкі таскама расказаў, якім чынам у Печах была арганізаваная праца з бацькамі вайскоўцаў. У асабістых справах салдатаў былі ўсе неабходныя кантакты блізкіх і сяброў. Перад прыняцьцем прысягі вайскоўцам тлумачылі правілы кантактаў зь блізкімі.

«Камандзірам роты было рэкамэндавана даць свае тэлефоны бацькам салдат, — сказаў Чарнецкі. — Таксама салдаты могуць даць нумары афіцэраў, уключна з маім, сваім бацькам. Ня ўсе родныя маюць магчымасьць прыехаць у частку нават на прысягу. Магчымасьць камунікаваньня была. Па меры магчымасьці афіцэры павінны былі размаўляць з бацькамі і цікавіцца ў іх, як праходзіць служба іх сыноў. Наконт Аляксандра Коржыча не паступала ніякай інфармацыі, у сьпісах асаблівых салдат ён не фігураваў».

Чарнецкі расказаў, што толькі ў 3-й школе каля 600 вайскоўцаў. У мэдроце ўтрымлівалася каля 60 чалавек штодзённа. Ён атрымліваў статыстычныя дадзеныя па колькасьці хворых, дынаміцы захворваньняў, аднак канкрэтна пра сытуацыю з Коржычам у канцы верасьня 2017 году ня ведаў.

«Праверылі пульс, каб пераканацца, што салдат мёртвы»

«3-га кастрычніка прыкладна ў 18.00 гадзін паступіла інфармацыя пра тое, што знойдзены вайсковец, — расказаў Чарнецкі. — Я сеў у аўтамабіль, выехаў на месца. Спусьціўся ў падвал, там было цёмна. Прывезьлі ліхтар, я ўбачыў, што адбылося. Зрабіў захады для высьвятленьня асобы. Даў каманду паведаміць у міліцыю, контравыведку, Мінабароны, мэдыкам. Загадаў не пускаць больш нікога. Мэдык пры мне праверыў пульс, каб пераканацца, што салдат мёртвы, што няма надзеі выратаваць. Жанчына, іншыя пабаяліся».

Паводле палкоўніка, на трупе Коржыча не было відаць пашкоджанньняў, ён быў апрануты. На твары была накінутая майка, кепка ляжала на падлозе. За тым, як здымалі труп зь пятлі, палкоўнік назіраў збоку. Гэтым займаліся двое вайскоўцаў, сьледчыя здымаць труп адмовіліся.

«Самастойна такое (самагубства) цяжка зрабіць, знаходзячыся ў здаровым розуме, — сказаў Канстанцін Чарнецкі. — Былі, напэўна нейкія праблемы. У калектыве вайсковым, дома, зь дзяўчынай нейкія праблемы. Мне факты невядомыя.

Я ня маю права нікога абвінавачваць. Але былі асобы, якія павінны былі паведамляць пра сытуацыю ў роце своечасова, праводзіць працу для недапушчэньня суіцыдаў. У калектыве зьявіліся вайскоўцы, схільныя да парушэньняў. Тэлефоны выдавалі за грошы, прадукты бралі».

Пра сустрэчу з маці Коржыча

Канстанцін Чарнецкі падчас допыту ў судзе таксама расказаў, як адбылася яго сустрэча з маці Аляксандра Коржыча. Па яго словах, яна выказала жаданьне прыехаць у Печы, але не хацела начаваць на тэрыторыі часткі.

Сустрэча камандзіра Аб’яднанага цэнтру са Сьвятланай Коржыч адбывалася сам-насам. Па словах Чарнецкага, аб пазастатутных адносінах у Печах ён упершыню пачуў ад Сьвятланы Коржыч.

«Я падышоў, выказаў спачуваньні, — расказаў Чарнецкі. — Мама была адна. Я слухаў, што яна гаворыць. Хвілін 40, напэўна. Сьвятлане Коржыч пра сьмерць сына паведаміў камандзір часткі. Пачуў, што Сьвятлана ўзгадвае нейкага прапаршчыка, гаворыць пра паборы грашовыя. Пра гэта я пачуў упершыню ад яе. Расказвала пра сына, як ён жыў, як працаваў. Сьвятлана Коржыч называла суму грошай, якую патраціў сын. 500 рублёў, калі я не памыляюся. Асабіста да мяне на той момант яна не выказвала прэтэнзій».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?