07.09.2018 / 09:45

Шэсць гадзін працоўнага навучання ў тыдзень: дзесяцікласнікаў мяркуецца адпраўляць у ПТВ 59

У 10 класе ўводзяць аж 6 гадзін працоўнага навучання. Бацькі перажываюць, што гэта ператворыцца ў прафанацыю: у школах няма ніякай базы для навучання, і дзеці будуць прывучацца біць лынды. Растлумачыць новаўвядзенне «Наша Ніва» папрасіла ў Міністэрства адукацыі. Там нам літаральна па пунктах патлумачылі, чаго чакаць дзецям і бацькам ад зменаў у навучальным плане.

«Хочам зрабіць іх мабільнымі на рынку працы»

«Адным з найважнейшых паказчыкаў эфектыўнасці сістэмы адукацыі з’яўляецца паспяховасць прафарыентацыі. Бо якасць адукацыі — гэта не адзнака, атрыманая на ўроку, а паспяховае жыццеўладкаванне чалавека, яго мабільнасць на рынку працы», — патлумачылі ў Міністэрстве адукацыі.

Асноўная задача школы, лічаць у міністэрстве, дапамагчы вучню выбраць прафесію. 

Ад 2018/2019 навучальнага года ва ўстановах агульнай сярэдняй і ва ўстановах спецыяльнай адукацыі для вучняў X (XI) класаў, якія вывучаюць усе вучэбныя прадметы на базавым узроўні, уведзены вучэбны прадмет «Працоўнае навучанне». Засвойваць новыя прафесіі вучні змогуць як на базе сваёй школы, так і на базе ўстановы сярэдняй спецыяльнай ці прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Пералік прафесій, якімі можа авалодаць вучань, залежыць ад яго месца жыхарства

Прасцей кажучы, прафесійнай падрыхтоўкай вучняў будуць займацца на базах каледжаў або іншых сярэдніх спецыяльных устаноў таго горада або мястэчка, дзе знаходзіцца школа.

«Установы адукацыі могуць самастойна распрацоўваць праграмы прафесіянальнай падрыхтоўкі і зацвярджаць іх ва ўстаноўленым парадку. Пры распрацоўцы зместу вучэбных праграм рэкамендуецца выкарыстоўваць тыповыя вучэбныя праграмы па спецыяльнасцях прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі».

Да прыкладу, вучні змогуць авалодаць такімі прафесіямі, як прадавец, аператар электроннага набору і вёрсткі, кухар, сакратар, цясляр, цырульнік, афіцыянт, слесар па рамонце машын і гэтак далей.

Прэс-служба Міністэрства адукацыі падкрэслівае: 

«Пры адсутнасці магчымасці арганізацыі працоўнага навучання пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы прафесіянальнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у школах могуць быць выкарыстаны базы устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдне-спецыяльнай, вышэйшай, дадатковай адукацыі дарослых, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі».

Максімальная практычнасць і падрыхтаваныя абітурыенты — асноўная мэта такіх урокаў

Не ўсім прафесіям, пра якія мараць школьнікі, на ўроках «Працоўнага навучання» будуць вучыць. Па-першае, ва ўстанове адукацыі будуць улічваць узрост вучняў.

«Асноўнай мэтай працоўнага навучання з'яўляецца прадастаўленне вучням магчымасці атрымаць першасныя навыкі па пэўнай прафесіі. Што тычыцца зместу вучэбнага прадмета «Працоўнае навучанне», то ён павінен быць максімальна практыка-арыентаваным».

Гендарна дзяліць дзяцей не будуць

Праграма не прадугледжвае дзялення вучняў па гендарным прынцыпе. Фарміраванне вучэбных груп ажыццяўляецца па прафесіях, незалежна ад полу дзіцяці».

Іншыя прадметы ад увядзення шасці гадзін на працу не пацерпяць

«Згодна з пастановай Міністэрства адукацыі, пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы прафесіянальнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) выдзяляецца 6 вучэбных гадзін на тыдзень. Колькасць гадзін, якія адведзены на вывучэнне іншых вучэбных прадметаў у гэтым класе, не змянілася».

Акрамя таго, у метадычных рэкамендацыях указана, што заняткі па прадмеце «Працоўнае навучанне» можна праводзіць як у будныя дні, так і ў суботу. Пры гэтым вучні павінны быць забяспечаныя гарачым харчаваннем. 

Грошы, выдзеленыя бюджэтам, павінны выдаткоўвацца на заробак, узносы (адлічэнні) на сацыяльнае страхаванне, аплату камунальных паслуг, набыццё прадметаў забеспячэння і расходных матэрыялаў і інш.

Каб ажыццяўляць навучанне ў школах, у штаце дадзеных устаноў павінна быць штатная колькасць настаўнікаў і майстроў вытворчага навучання.

«Вучэбныя гадзіны па прадмеце «Працоўнае навучанне» ўключаюцца на пачатак навучальнага года ў спіс педагагічных работнікаў, якім вылічаюцца стаўкі і надбаўкі за кваліфікацыйныя катэгорыі з улікам педагагічнай нагрузкі для вызначэння фонду аплаты працы».

5 верасня ў тых школах, да якіх мы датэлефанаваліся, заняткі па прадмеце «Працоўнае навучанне» пакуль не пачаліся. «Чакаем, якія прафесіі прапануюць вывучаць нашым школьнікам у каледжах», — адказалі ў адной са школ.

Наталля Тур, фота nastgaz.by

6
ы / Адказаць
07.09.2018 / 09:55
Жахлівая камуністычная утопія Карпенкі.
5
Генэрал Голад / Адказаць
07.09.2018 / 09:56
Хутка усе вучні будуць разьмеркаваныя па класах двух відаў: прававыя і калгасна-пралетарскія. У першых будуць вучыць наглядчыкаў, а ў другіх - халопаў. 
5
Ліцьвін / Адказаць
07.09.2018 / 10:14
Маразм мацнеў... ;-)
Паказаць усе каментары/ 59 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру