Схаванага субсідавання больш не будзе, а аб'ёмы паставак могуць быць перагледжаны, заявіў у інтэрв'ю агенцтву Ройтэрз кіраўнік падатковага дэпартамента Мінфіна Расіі Аляксей Сазанаў.

Расія губляла на пастаўках у Беларусь нафты па зніжаных цэнах «велізарныя сумы. Значна больш за трыльён рублёў з 2005 года» [больш за 20 млрд даляраў па сярэднім курсе тых гадоў], заявіў расійскі чыноўнік.

«Цяпер, калі праводзіцца [падатковы] манеўр, усё гэта ўсплывае на паверхню, — адзначыў ён. — Больш такога схаванага субсідавання ўжо не будзе. Раней гэта было шэрае поле, калі грошы губляў федэральны бюджэт Расіі, а атрымлівалі нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі. Цяпер адбываецца значнае абяленне ўзаемаадносін у гэтай частцы», — мяркуе ён.

«Змена падатковага заканадаўства не рэгулюецца ў рамках пагаднення аб Еўразійскім саюзе. Гэта наша суверэннае права вызначаць падатковы рэжым унутры краіны, і ў рамках гэтага права мы яго крыху падкарэктавалі, не парушаючы ніякіх міжнародных пагадненняў», — так ён адказаў на крытыку падатковага манеўру беларускім бокам.

Са словаў Сазанава вынікае, што фінансавая падтрымка Масквой адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі захаваецца, але зменіцца механізм разліку дапамогі. «Гэта складанае пытанне, мы ў працэсе абмеркавання,

— сказаў Сазанаў. — Ці будзе кампенсацыя, у якім аб'ёме і якія інструменты пры гэтым выкарыстоўваць. Але ў кожным разе гэта мае быць «вылічальны механізм», калі ўсе будуць бачыць, якую суму за год мы накіроўваем з бюджэту Расіі на падтрымку Рэспублікі Беларусь. Калі мы надавалі падтрымку ў выглядзе дыферэнцыяла ў пошлінах, ніхто гэтага нават не бачыў, гэта было нейкае схаванае субсідаванне эканомікі Беларусі».

Спыніўся Сазанаў і на пытанні паставак у Беларусь з Расеі ўжо не нафты, а нафтапрадуктаў.

«Беларусь мае прафіцыт па ўсіх нафтапрадуктах за кошт сваёй нафтаперапрацоўкі. Таму ім выгадна закупляць расійскія нафтапрадукты — таннейшыя, — а свае нафтапрадукты вывозіць на экспарт і залічаць экспартныя пошліны ў свой бюджэт. Адпаведна, пастаўляючы нафтапрадукты ў Беларусь, расійскі бюджэт недаатрымлівае экспартныя мыты, бо гэтыя нафтапрадукты ідуць на задавальненне ўнутраных патрэбаў рынку Рэспублікі Беларусь. Па сутнасці, гэта зноў прыхаваная форма субсідавання цяпер ужо ўнутранага рынку Беларусі», — адзначае ўрадавы чыноўнік.

«Калі скончыцца манеўр у нафтавай галіне, такога ўжо не будзе, але пакуль мы ставім пытанне аб абмежаванні паставак. Баланс гэты вызначае Мінэнерга. Трэба разумець, што ў Беларусі ёсць прыгранічныя вобласці, дзе заводы размешчаны бліжэй да еўрапейскай часткі [Расіі], і ім аб'ектыўна выгадна везці туды нафтапрадукты, напрыклад, са Смаленскай вобласці. Размова можа ісці аб аб'ёмах паставак ад 100 да 300 тысяч тон у год, але не пра 2 мільёны тон, як цяпер. Летась мы страцілі на гэта 10 мільярдаў рублёў, сёлета толькі за першае паўгоддзе — яшчэ 10 мільярдаў [каля 300 мільёнаў беларускіх рублёў]», — сцвярджае Сазанаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?