Канчатковае рашэнне аб уступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю будзе прымацца пасля завяршэння перагаворнага працэсу. Аб гэтым у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, піша БелТА.

«За апошнія паўтара года мы дасягнулі сур'ёзнага прагрэсу (у перагаворах аб уступленні ў СГА)», — расказаў міністр.

Ён удакладніў, што, напрыклад, засталося правесці перагаворы з ЗША, Еўрасаюзам. «Але кіраўніком дзяржавы выразна пастаўлена чарговы раз задача, выказана пазіцыя адносна таго, што ўступленне ў СГА для нас не самамэта», — заўважыў Уладзімір Макей.

«Мы будзем працягваць нашу работу па ўступленні ў СГА, але канчатковае рашэнне будзе прымацца на больш познім этапе, калі мы сапраўды будзем бачыць, што гэта для нас будзе выгадна», — удакладніў ён.

Гаворачы пра сусветную кан'юнктуру, Уладзімір Макей у якасці станоўчага фактару адзначыў эканамічны ўздым практычна ва ўсіх рэгіёнах і краінах. «Але ўсё ж такі больш негатыўных момантаў у гэтым плане. Першае — гэта палітычная канфрантацыя. Вы бачыце, што адбываецца паміж Расіяй і Захадам, як іскрыць у іх адносінах. Гэта больш палітыка-эканамічны аспект», — заявіў ён.

«Што датычыцца непасрэдна гандлёва-эканамічных адносін, то мы бачым, што адбываецца пэўны адыход ад тых устаноўленых агульнапрынятых правілаў гандлю, якія існавалі раней, — працягнуў міністр. — Я маю на ўвазе дзейнасць СГА. І вось гэта канфрантацыя, адыход ад правілаў гандлю, узмацненне канкурэнцыі ў розных рэгіёнах, на розных рынках, вядома ж, аказвае негатыўны ўплыў і на наш экспартны, знешнеэканамічны складнік».

«Сёння даводзіцца дзейнічаць у вельмі сур'ёзных негатыўных умовах. Мы вымушаны гэта ўлічваць у сваёй дзейнасці. Прэзідэнт 4 верасня на гэта таксама звярнуў увагу і сказаў, што, нягледзячы на розныя негатыўныя моманты, мы павінны выканаць тыя заданні, якія былі пастаўлены. Мы павінны спадзявацца толькі на сябе», — дадаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0