Партал TuzinFM і фонд «Вяртанне» абвяшчаюць новы сезон конкурсу «Заспявай». Маладым музыкам прапануецца зрабіць верш песняю і атрымаць у падарунак грашовы прыз, запіс сінглу, адукацыйную сесію і сольны канцэрт!

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца выканаўцы ад 16 да 30 год. У выпадку музычных гуртоў гэтае правіла таксама мусіць выконвацца — узрост удзельнікаў не мусіць перавышаць азначаны цэнз. Досвед і музычная адукацыя ролі не граюць. Будуць асабліва вітацца заявы ад школьнікаў старэйшых класаў і студэнтаў першых курсаў. Тэрмін падачы — да 21 кастрычніка ўключна.

Што трэба зрабіць

Песню з верша. Арганізатары паказваюць на прыкладзе — яны прапанавалі тром вядомым выканаўцам зрабіць з аднаго і таго ж верша песню ў сваім стылі за 3 гадзіны. Вось што з гэтага атрымалася.

Дзе ўзяць вершы

Сёлета ўдзельнікам конкурсу прапануецца напісаць музыку да аднаго з вершаў лаўрэатаў і пераможцаў літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў намінацыі «Паэзія». Выбар багаты — 25 паэтычных зборнікі.

Выбраць аўтара і верш

«Кнігі, адзначаныя на прэміі «Дэбют» - гэта паэзія нашых дзён, напісаная тут і цяпер, акурат яна можа быць асабліва сугучнай з музыкай нашых дзён. Таму мы і прапануем маладым творцам звяртацца да яе», — кажа прадусар конкурсу Сяргей Будкін.

Як будуць абраныя найлепшыя

Дасланыя кампазіцыі разгледзіць журы з шасці асобаў, у якое ўвойдуць сябры аргкамітэту конкурсу і запрошаныя эксперты-музыкі. У выніку галасавання журы будуць адабраныя паўфіналісты, якія атрымаюць магчымасць удзельнічаць у адукацыйнай сесіі. Крытэры выбару найлепшых: адметны вакал, арыгінальная музычная падача, гарманічнае спалучэнне музыкі і слова.

Пасля адукацыйнай сесіі пройдзе жывое праслухоўванне, па выніку якога будуць абраныя тры фіналісты конкурсу, якія атрымаюць магчымасць запісаць песню ў студыі і выступіць ужывую пры падтрымцы вядомых выканаўцаў.

Пасля канцэртаў будзе названы пераможца прэміі, які атрымае грашовы прыз памерам 1500 беларускіх рублёў.

Падаць заяву на конкурс

Гісторыя конкурсу за дзве хвіліны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0