06.09.2018 / 09:33

Коммерсант: Беларусь сыходзіць ад Газпрому 10

Расійскае выданне «Коммерсант» аналізуе магчымае змяншэнне закупак расійскага газу Беларуссю на 19% пасля пачатку эксплуатацыі Беларускай АЭС.

Фота: Wikimedia Commons.

Выданне цытуе намесніка кіраўніка беларускага Мінэнерга Вольгу Пруднікаву, якая заявіла, што Беларусь можа да 2022 года знізіць спажыванне газу на 3,5 мільярда кубаметраў у год, або прыкладна на 18,5% пасля пачатку эксплуатацыі Астравецкай АЭС.

Адзіным экспарцёрам газу ў Беларусь з'яўляецца «Газпром», у 2017 годзе пастаўкі склалі 19 мільярдаў кубаметраў, піша «Коммерсант». Асноўны спажывец газу — энергетыка (асноўныя беларускія магутнасці — газавыя ТЭС), і попыт у апошнія дзесяць гадоў застаецца стабільным — без уліку крызіснага 2009 года ў дыяпазоне 19-21 мільярд кубаметраў.

На 2018 год цана на газ складае $129 за тысячу кубаметраў. Гэта прыкладна ўдвая менш, чым цяперашняя сярэдняя экспартная цана «Газпрома» (каля $240 за тысячу кубаметраў), але ўдвая вышэйшая за тарыфы ў Расіі. Аптовая цана «Газпрома» для суседняй Смаленскай вобласці цяпер каля $65 за тысячу кубаметраў.

«Першапачаткова Беларуская АЭС павінна была не толькі замяшчаць унутраную выпрацоўку ТЭС краіны, але і працаваць на экспарт, у такім рэжыме, магчыма, зніжэнне закупак газу ў Расіі было б не такім маштабным. Але на фоне адмовы Літвы і Польшчы закупляць энергію атамнай станцыі і на фоне планаў Прыбалтыкі па выхадзе з рэжыму сінхроннай працы з энергасістэмамі Расіі і Беларусі фактычна значная частка выпрацоўкі вымушана будзе сыходзіць на пакрыццё ўнутранага попыту, выцясняючы газавую генерацыю»,

— піша «Коммерсант».

Беларусь з'яўляецца даволі выгадным рынкам для «Газпрома» праз блізкасць да мяжы (гэта мінімізуе выдаткі на транспарт газу) і адсутнасць пошліны. Скарачэнне попыту на 3,5 мільярда кубаметраў, згодна з ацэнкай «Коммерсанта», можа знізіць выручку «Газпрома» на 30 мільярдаў расійскіх рублёў (каля 440 мільёнаў даляраў). Агулам для бізнэсу «Газпрома» ўплыў гэтага фактару, імаверна, будзе нязначным.

ММ

0
ales' / Адказаць
06.09.2018 / 10:05
Ад газпрама да расатама.
1
Seka / Адказаць
06.09.2018 / 10:26
ales',як з языка зьнялі... Ад расейскага газу да расейскага радыапаліва... Гэтая аэс беларусам не патрэбная, пагатоў на экспарт нічога прадаваць не атрымаецца... Нехта на будаўніцтве аэс нагрэў руку + закінуў у яшчэ большую залежнасьць ад расеі....
1
сік / Адказаць
06.09.2018 / 10:51
Ворагам нечага баяцца. Калабаранская ўлада зрабіла ўсё магчымае, каб знішчыць дэвірсікацыю паставак газу з іншых крыніц.. Кошты газу для насельніцтва і прадпрыемств аднолькавыя з Украінай, якая купляе газ даражэй амаль удвая.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру