Ася і Зміцер.

Ася і Зміцер.

Чамусьці ў той момант гэтая думка вельмі зачапіла Змітра, і пасля вяртання ў Беларусь ён прапанаваў жонцы купляць толькі беларускую ежу, адзенне і іншыя рэчы. Ася падтрымала ідэю, але першы выклік чакаў іх ужо хутка: немагчыма было знайсці новыя нармальныя джынсы айчыннай вытворчасці.

«Якасныя джынсы шыла фірма «Балекс», але пасля перастала. Усё іншае, што я набывала, расцягвалася пасля першай жа мыйкі. Я псіхавала, у мяне быў складаны шлях пошукаў якаснага беларускага адзення.

А потым Дзіма неяк сказаў: «Ну, няма джынсаў. Ты што без іх памрэш?». І я проста перастала насіць нагавіцы, перайшла на спадніцы і сукенкі», — расказвае Ася.

«Мы перасталі ганяцца за брэндамі, замаўляць тавары з «Ікеі» ці «Алібабы», ездзіць у Польшчу на закупы. Калі добра пашукаць, можна знайсці вельмі выгадныя варыянты і ў Беларусі. Аднак іх сапраўды трэба шукаць: так, для нас стала адкрыццём бабруйская мэбля «ФанДОК» — менавіта там, а не ў «Ікеі», як зрабілі б гэта раней, мы, напрыклад, замовілі мэблю для свайго дзіцячага адукацыйнага цэнтра. Масіў сасны для дзетак куды лепшы за вырабы з апілак, пагадзіцеся», — працягвае Зміцер.

Ася з дачкой Стэфай і сынам Гедымінам.

Ася з дачкой Стэфай і сынам Гедымінам.

Разам з жонкай яны стаяць на чале стварэння адукацыйнага цэнтра «Крочым разам». Ён вырас з бацькоўскага клуба, у межах якога беларускамоўныя маці і таты сустракаліся на занятках па выходных. Людзей прыходзіла шмат, і ў нейкі момант такі фармат сябе зжыў. Ася вывучала педагогіку Мантэсоры разам з мужам і Касяй Гарэцкай, якая цікавілася тэмай адукацыі для дзетак з асаблівасцямі. Яны аб’ядналі свае высілкі і год таму разам запусцілі беларускамоўны садок. Нядаўна іх каманда з 8 чалавек перабралася з Ратамкі ў Мінск, на Авангардную, 27: цяпер па гэтым адрасе будзе функцыянаваць садок для дзетак ад 3 да 6 год, а таксама ладзіцца заняткі па сістэме Марыі Мантэсоры для меншых дзетак па выходных, адкрытыя вакальная студыя і група для дзетак з асаблівасцямі развіцця (РАС, ДЦП, ЗМР, ЗПР і іншыя).

У гэтым будынку на Авангарднай, 27, праз два тыдні пройдзе ўрачыстае адкрыццё беларускамоўнага садка. Запускацца было няпроста: дапамагалі юрыдычныя веды Змітра і досвед калег, якія раней займаліся прыватнымі садкамі.

У гэтым будынку на Авангарднай, 27, праз два тыдні пройдзе ўрачыстае адкрыццё беларускамоўнага садка. Запускацца было няпроста: дапамагалі юрыдычныя веды Змітра і досвед калег, якія раней займаліся прыватнымі садкамі.

На гэты момант у садок, які мае асобную назву «Зорачкі», пяць разоў на тыдзень ходзяць 11 дзетак: вучацца вакалу, правілам хатняга жыцця, мове і матэматыцы, гатаванню ежы. Праз два тыдні, калі скончыцца рамонт, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё новай установы дапаўняльнай адукацыі — стваральнікі вераць, што колькасць іх навучэнцаў павялічыцца.

«Акрамя таго, што ўсё навучанне мы вядзём па-беларуску (для гэтага самастойна перакладаем патрэбныя матэрыялы, песні і карткі на беларускую мову), у адрозненні ад дзяржаўных садкоў мы даём дзецям свабоду, паважаем іх як асобу: калі дзіця не хоча маляваць, можна пачытаць, калі ўзнікае канфліктны момант, выхавальніца не сварыцца, а становіцца на калені і спрабуе размаўляць з дзіцём на роўных», — расказвае Ася.

Амаль усю мэблю і асноўныя рэчы ў абноўлены садок стваральнікі набывалі ў Беларусі.

«Для нашых знаёмых адмаўленне ад замежных брэндаў выглядае дзіўна. Для іх тая ж «Ікея» ці яшчэ нешта з вядомага — гэта цэлы культ, лепш за іх нічога няма. Але мы перастроіліся на нашу сістэму і зусім ад яе не пакутуем», — дзеліцца Зміцер.

Праўда, праблем з філасофіяй «купляем усё беларускае» хапала і іншых, акрамя «джынсавай». Так, прыйшлося набываць замежную каляску для дзетак. Калі ў Смалякоў нарадзілася першае дзіця, у продажы нават айчынных памперсаў не было — куплялі японскія ці польскія. Беларускія памперсы Senso Baby усё ж з цягам часу з’явіліся: бацькі адзначаюць, што якасць у іх была нават лепшая за імпартныя аналагі.

Праблемы ўзнікаюць і з тэхнікай: так, калі ў Смалякоў зламаўся стары пыласос, яны два гады мялі падлогу вільготным венікам, пакуль не знайшлі ў ЦУМе варыянт, дзе было напісана «зроблена ў Беларусі».

«Калі гэта не пытанне жыцця і смерці, каб не набываць імпартнае, мы лічым за лепшае абысціся без пэўнай рэчы. Толькі калі нам нешта трэба тэрмінова, мы вырашаемся аддаць свае грошы польскім ці украінскім вытворцам».

На Асі — сукенка ад Каці Цікоты. Зміцер набыў майку у краме symbal.by. Усе аксэсуары з’яўляюцца ў іх доме з маркетаў беларускіх майстроў. Сям’я адзначае, што ім куды больш прыемна фінансава падтрымліваць сваё: «Калі нейкая рэч ад дызайнераў ці швачак і даражэйшая, яна на сто адсоткаў будзе добра сядзець, бо пашытая індывідуальна».

На Асі — сукенка ад Каці Цікоты. Зміцер набыў майку у краме symbal.by. Усе аксэсуары з’яўляюцца ў іх доме з маркетаў беларускіх майстроў. Сям’я адзначае, што ім куды больш прыемна фінансава падтрымліваць сваё: «Калі нейкая рэч ад дызайнераў ці швачак і даражэйшая, яна на сто адсоткаў будзе добра сядзець, бо пашытая індывідуальна».

А як жа сям’я тлумачыць сваю філасофію дзецям? Няўжо ім не хочацца яркіх цукерак і разрэкламаваных цацак?

«Канечне, час ад часу у нас узнікаюць скандалы. Праблема ў тым, што не ўсе беларускія брэнды ўмеюць рабіць яркія, прывабныя ўпакоўкі для дзетак. Часам гэтаму складана супрацьстаяць, таму ў радыкальных выпадках мы можам набыць Стэфаніі і Гедыміну імпартныя цацкі ці яшчэ нешта. Але мы стараемся ім растлумачыць, што свая ежа і рэчы — лепшыя. Перш за ўсё, уласным прыкладам. Калі мы самі не ўжываем у рацыёне снікерсы, дзеці таксама не будуць. Мы ім тлумачым, што салодкае ад «Чырвонага харчавіка» ці свая садавіна, ягадкі больш карысныя за «гадасці» з крамы. Але, канечне, калі нехта іншы іх частуе, не будзем вырываць з рук».

У будучыні Ася і Зміцер мараць адкрыць і сваю беларускамоўную школку. Калі ж не атрымаецца, разглядаюць варыянт хатняй адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?