Маларыцкая актывістка Партыі БНФ Людміла Рамановіч апублікавала ў фэйсбуку цікавую гісторыю. Яе маці завітала ў нядзелю, 2 верасня, на службу ў праваслаўны храм Маларыты.
«І раптам святар гаварыць: памолімся за «новапрастаўленага забітага воіна Аляксандра». Усе моляцца. На сярэдзіне службы зноў святар заклікае памаліца за «новапрастаўленага забітага воіна Аляксандра». І яе сяброўка ужо пачынае хвалявацца, каго у Маларыце забілі. Напрыканцы службы святар заклікае памаліцца за Аляксандра трэці раз», — піша Людміла Рамановіч.
Што ж за загадкавы Аляксандр, памяць якога ўшаноўвалі ў Маларыце? Забойстваў «воінаў» у раёне ў апошнія дні не было.
Але 31 жніўня ў Данецку быў ліквідаваны кіраўнік «ДНР» Аляксандр Захарчанка. Ці не за яго маліліся ў Маларыце?
У Брэсцкай епархіі «Нашу Ніву» запэўнілі, што ў іх «няма святароў, якія б маліліся за Захарчанку».
«Падалі запіску, я і маліўся. Ніякіх прозвішчаў не было, толькі «Аляксандр». Ні пра якога Захарчанку гаворкі не вялося, гэта дадумкі і плёткі», — тлумачыць сам маларыцкі святар.