Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці выявіў парушэнні ў гомельскіх бальніцах №3 і №4, а таксама ў бальніцы Лельчыцаў у арганізацыі харчавання пацыентаў устаноў аховы здароўя.
Кіраўнікі бальніц ніяк не рэагавалі на тое, што без дай прычыны даражэлі дамовы, ужо заключаныя з пастаўшчыкамі. Харчаванне закуплялася не ў вытворцаў, а ў пасярэднікаў.
Выявілася, што ў гомельскай бальніцы №3 за два гады ні разу не закупляліся фрукты і сокі. Шэсць з сямі страў, адабраных для даследавання, не адпавядалі патрабаванням. Ежу разводзілі як маглі. Напрыклад, шніцалі на 20% складаліся з хлеба, якога па рэцэпце ўвогуле не павінна быць.
У выніку аштрафавалі 8 работнікаў і 2 юрыдычныя асобы на агульную суму ўсяго 2 446 рублёў.
Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 15 чалавек, у тым ліку аднаго звольнілі.