06.09.2018 / 14:55

Стваральнікі «Свету танкаў» забароняць гульцам знішчаць Дом-музей I з'езда РСДРП 19

У мільёнаў гульцоў World of Tanks з'явілася магчымасць віртуальна наведаць Мінск і паваяваць адзін з адным у цэнтры горада. Пра тое, як стваралі карту сталіцы для найпапулярнай камп'ютарнай гульні і наколькі дакладнай яна атрымалася, карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны» гутарыла з мастацкім супервайзерам Мінскага цэнтра распрацоўкі World of Tanks Міхаілам Рытвінскім.

— Карта Мінска ў гульні — даўняя мара, якую хацелася ажыццявіць, — кажа Міхаіл. — Да яе распрацоўкі прыступілі яшчэ ў 2013 годзе, але потым рэалізацыя праекта прыпынілася і аднавілася восенню 2017 года.

Працэс падрыхтоўкі заняў крыху больш за паўгода, затым ішло тэставанне, а цяпер, напярэдадні чарговага Дня горада і грандыёзнага Дня танкіста віртуальны Мінск стаў даступны гульцам World of Tanks.

Суразмоўца ўспамінае: каб узнавіць аблічча сталіцы максімальна рэалістычна, выходзілі на месца, фатаграфавалі будынкі, двары, вывучалі гістарычныя фота ў кнігах, інтэрнэце, СМІ… Частку горада, якая пасля трапіла на карту, ранняй зімой здымалі з квадракоптара, каб паглядзець зверху структуру вуліц і двароў. Над стварэннем карты працавалі каля 45 чалавек.

— Распрацоўка карты дзеліцца на два этапы — тлумачыць Міхаіл. — На першым супрацоўнікі, якія адказваюць за гульнявы працэс, ствараюць схематычны макет з ландшафтам мясцовасці. Калі гэтая частка гатовая, мастакі яе ўпрыгожваюць: дадаюць аб'екты, тэкстуры, не змяняючы ўжо створанай на першым этапе структуры. Існуюць і стандарты па памерах гульнявых карт. Напрыклад, для адвольных баёў яна не можа быць больш чым 1×1 км.

Менавіта ў такім максімальным памеры і прадстаўлена карта Мінска, але тэрыторыя, якая на ёй адлюстравана (умоўна яе можна ўпісаць у межы вуліц Максіма Багдановіча, Першамайскай, Янкі Купалы і плошчы Перамогі), больш. Улічваючы ўсе гэтыя нюансы, прыйшлося некалькі адысці ад рэальнай тапалогіі мясцовасці. Так, парк Горкага на мапе стаў вужэйшым, чым у жыцці. Некаторыя дыстанцыі прыйшлося скараціць, каб упісацца ў фармат.

Падправілі і аблічча двароў. Паколькі гэта месца, дзе, як запланавана, будзе праходзіць вялікая частка гульнявога працэсу, ландшафты прыйшлося дзе-нідзе згладзіць, каб яны сталі лёгка пераадольнымі для танкаў.

— У жыцці гэтая зона абсалютна непрыдатная для праезду такой вайсковай тэхнікі — адзначае суразмоўца. — Нават аркі, праз якія можна трапіць у двары, у рэальнасці занадта маленькія для самага вялікага танка. Але ў цэлым дакладнасць карты вельмі высокая.

Дарэчы, пры бітвах ў віртуальным Менску значныя разбурэнні горада немагчымыя. Пацярпець могуць толькі агароджа, аўтамабілі, кіёскі. На іншых картах драўляныя хаткі таксама можна разбамбіць, але ў Мінску такой функцыі няма: дом-музей I з'езда РСДРП, хоць і ўяўляе сабой драўляную пабудову, бессмяротны.

Ці ацанілі карыстальнікі новую карту? Міхаіл кажа, што асабліва пазітыўна яе ўспрымаюць гульцы-мінчане альбо тыя, хто бываў у нашым горадзе. Яны пазнаюць знаёмыя месцы, настальгуюць. Магчыма, для іншагародніх і замежных «танкістаў» гэты прадукт стане падставай наведаць беларускую сталіцу і, шпацыруючы па горадзе, успамінаць баі, праведзеныя ў яго віртуальнай копіі.

Дарэчы

Першапачаткова, ствараючы карту Мінска для World Of Tanks, распрацоўшчыкі паспрабавалі выкарыстоўваць тэрыторыю Траецкага прадмесця, узнавіўшы ўсё, як было ў ваенныя гады. Аднак для гульнявога працэсу яна аказалася не вельмі зручнай. Тады звярнуліся да зоны каля чыгуначнага вакзала — вынік быў тым жа. Важна было бачыць на карце вядомы Мінск, а паколькі ў часы Другой сусветнай вайны раён цяперашняй плошчы Перамогі, адлюстраваны на выніковай карце, з'яўляўся ускраінай з драўлянымі хаткамі, то вырашылі «пераматаць» час наперад і адлюстраваць эпоху 1970-х.

7
хамса / Адказаць
06.09.2018 / 15:05
затое муж маю нелюбімую агароджу з вазамі ля цырку (махровы савок) знес
4
LMI / Адказаць
06.09.2018 / 15:06
А па Драздах гусеніцамі магчыма пакатацца ?
0
Галава / Адказаць
06.09.2018 / 15:07
Рэдка выпадае магчымасць на ёй гуляць. Шанец патрапіць мабыць 1:15
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру