pxhere.com

Пра асаблівасці сваёй працы карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» расказала галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Ірына Жураўская.

Яна займаецца ў загсе дзвюма важнымі працэдурамі: пераменай прозвiшча, iмя, iмя па бацьку і ўнясеннем выпраўленняў у акты грамадзянскага стану, калі выяўляюцца недакладнасці і памылкі.

— Больш за ўсё заяў пра змену прозвішча, — адзначае Ірына Жураўская. — Жанчыны з такой просьбай сталі часцей прыходзіць ужо пасля заключэння шлюбу. Пасля вяселля многія хочуць адразу адправіцца ў падарожжа за мяжу, таму пашпарт мяняць не спяшаюцца. Пра жаданне адмовіцца ад дзявочага прозвішча яны заяўляюць пасля вяртання на радзіму.

Некаторыя хочуць вярнуць сваё прозвішча праз гады пасля скасавання шлюбу. Бываюць і незвычайныя выпадкі. Неяк звярнулася 70-гадовая мінчанка і патлумачыла: у свой час паабяцала бацьку, які паміраў, выканаць яго апошнюю волю — вярнуць сабе родавае прозвішча. Але забылася. Нядаўна ёй прысніўся бацька і запатрабаваў, каб дачка стрымала абяцанне. І хоць яна разумее, колькі дакументаў трэба перааформіць, ўсё ж такі вырашыла гэта зрабіць.

У Ірыны Жураўскай на разглядзе — заявы дзвюх грамадзянак, якія хочуць замяніць свае прозвішчы на творчыя псеўданімы. У такіх выпадках у якасці пацвярджальных дакументаў прадстаўляюцца апублікаваныя творы. Як правіла, у падобных просьбах не адмаўляюць.

Бывае, мяняюць імя па бацьку — звычайна, у знак удзячнасці і павагі да айчыма.

Памылкі і недакладнасці звычайна выяўляюцца ў дакументах грамадзян, якія нарадзіліся ў першай палове XX стагоддзя, калі ўзровень пісьменнасці быў значна ніжэйшы.

— На разгляд такіх заяў даецца максімум тры месяцы. Я раблю запыты і ва ўстановы ЗАГС, і ў архівы, — распавядае Ірына Жураўская. — Толькі на падставе ўсіх дакументаў можна зрабіць выснову, ці мела месца памылка. У маёй практыцы ёсць прыклады, калі ў пашпарце было запісана імя Валя, а ў пасведчанні аб шлюбе — Валянціна. Падобныя нестыкоўкі нярэдка усплываюць пры афармленні права ўступлення ў спадчыну.