У Лідзе прайшоў штогадовы фэст «Лідбір», які ладзіцца мясцовым броварам. У музычным жыцці Беларусі гэта адна з найбольш знакавых падзей года. Справа ў тым, што білеты на «Лідбір», як правіла, каштуюць не дужа шмат, а склад удзельнікаў прапануецца вельмі якасны.

Адной з адметнасцяў сёлетняга фэсту стала тое, што ўся арганізацыйная камунікацыя была на беларускай мове. Па-беларуску да гледачоў звяртаўся вядучы фэсту, праграмкі таксама былі па-наску, як і шыльды ў горадзе.

Перад фэстам людзі маглі стаць сведкамі рыцарскага турніра, пакатацца на сапраўдным дракары, палётаць на верталёце ці пагуляць у лазертаг. Было багата фудкортаў з досыць дэмакратычнымі цэнамі. Прастора па ўсе бакі ад замка была запоўненая людзьмі, але цісканіны не было.

З адмоўнага варта адзначыць невялікі выбар піва. Лідскі бровар варыць нямала цікавых гатункаў, але на фэсце былі прадстаўленыя толькі «Светлае» і «Аксамітнае», а таксама квас. Не хапала выбару.

Што тычыцца музычнай часткі, то набор выканаўцаў быў традыцыйна моцны. З беларускіх гуртоў адзначыліся «Пачуццё палёту» і Nizkiz. У рэпертуары апошняга гурта ёсць вялікая колькасць беларускамоўных хітоў. Яны выканалі «Як спыняецца цішыня», «Гуантанама», «Небяспечна». Публіка вельмі цёпла прымала магілёўскіх выканаўцаў. Уражвае, якая колькасць людзей ведала тэксты і падпявала Nizkiz.

А вось расіян з «Animal Джаz» прынялі менш гасцінна. «Лепш бы «Дай дарогу» выступілі», — чулася ў натоўпе. Хіба што на галоўным хіце гурта «Тры палоскі» людзі адрываліся па поўнай.

З Украіны на фэст прыехаў Алег Скрыпка з «Воплямі Відаплясава». «У Беларусі робяць найлепшую ў Еўропе музыку, але, на жаль, ведаем пра гэта толькі вы і я», — сказаў Скрыпка. З беларускіх гуртоў ён добрым словам згадаў «Тройцу», «Палац», «Крамбамбулю» і «Юр’я».

Скрыпка вельмі прафесійна і па-майстэрску заводзіць публіку, гуляецца з ёй, робіць усё, каб не прападала цікавасць. На песні «Танцы» ён палез уверх на сцэнічныя рыштаванні і выконваў яе з вышыні. Ну і, канечне, найбольшы поспех мелі «Вясна» і «Краіна мрояў».

Алег Скрыпка лазіць над сцэнай.

Алег Скрыпка лазіць над сцэнай.

Галоўным гваздом праграмы быў «Ленінград» Сяргея Шнурава. Сам Шнур прыехаў у Ліду літаральна за дваццаць хвілін да выступу. На невялікай прэс-канферэнцыі ён казаў, што яго заўсёды сардэчна прымаюць у Беларусі. У камунікацыі з журналістамі Шнур мацюкаўся і эпатаваў публіку. Сваім фаварытам сярод мацерных слоў ён назваў «выбл…дак», якое вычытаў у Пушкіна.

«Я не ахвяра натхнення, а ахвяра кан'юнктуры. Ствараю тое, што будзе карыстацца попытам», — адказваў Шнур.

Сам выступ «Ленінграда» быў вельмі якасным шоу. Калі ў іншых гуртоў ведаеш, якія песні прагучаць апошнімі як галоўныя хіты, то ў «Ленінграда» ледзьве не кожная песня — хіт. Таму тыя ж «Лабутэны» ці «У Піцеры піць» былі выкананыя ў сярэдзіне.

Публіка шчыра падпявала ўсім песнямі Шнура, хай яны былі з матамі, ці без матаў. Здаецца, выступам «Ленінграда» не было незадаволеных. Прынялі зноў надзвычай сардэчна. Шкада толькі, што беларускамоўны хіт «Восьмага сакавіка» выкананы так і не быў.

«Лідбір» працягвае трымаць высокую планку арганізацыі. На фестываль з Мінска і іншых гарадоў едуць тысячы і тысячы людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?