Сем чалавек атрымалі раненні ў выніку нападу злачынцы, узброенага нажом і металічным прутом, у Парыжы, паведамляе BBC News. Чацвёра з пацярпелых шпіталізаваныя ў цяжкім стане.

Інцыдэнт адбыўся позна вечарам 9 верасня на набярэжнай канала ў 19-й акрузе на паўночным усходзе французскай сталіцы.

Зламыснік без бачных прычын накінуўся на мінакоў ля будынка кінатэатра, параніўшы двух мужчын і жанчыну.

Адзін са сведкаў нападу паспрабаваў адпудзіць нападніка, кінуўшы ў яго металічным шарам для гульні ў петанк. Злачынца збег, але неўзабаве здзейсніў яшчэ шэраг нападаў, у тым ліку параніўшы пару брытанскіх турыстаў.

Паліцыя ўжо затрымала нападніка. Па папярэдніх дадзеных, ён родам з Афганістана. Праваахоўныя органы Францыі сцвярджаюць, што гаворкі пра тэракт не ідзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0