Сяргей Чарачэнь

Сяргей Чарачэнь

9 верасьня ў Менску прайшоў VII зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Старшыня партыі Станіслаў Шушкевіч раней абвясьціў, што пакідае пасаду. Але зьезд прыняў рашэньне, што без старшыні, які трапіў у шпіталь, новага лідэра выбіраць некарэктна, піша Радыё Свабода.

Актыўнай пазыцыяй на зьезьдзе вызначыўся 33-гадовы Сяргей Чарачэнь, адзін з намесьнікаў старшыні. На самым пачатку зьезду ён прапанаваў зьмяніць партыйную сымболіку, прыбраць зь лягатыпу кулак, які трымае сымбаль сацыял-дэмакратаў — ружу. А потым прапанаваў асноўныя кірункі ў працы партыі. Унутры БСДГ некаторыя мяркуюць, што менавіта ён можа ачоліць партыю пасьля Шушкевіча.

Хто такі Сяргей Чарачэнь?

Сяргей Чарачэнь — дырэктар ААТ «Мантаж Тэхніка». Нарадзіўся ў Магілёве. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Калі вучыўся, вёў шмат праектаў, са студэнцтва займаўся бізнэсам.

Мае грамадзянскую жонку (індывідуальную прадпрымальніцу, у якой свой вясельны салён), трохгадовую дачку, жыве зь імі і цешчай.

У 2016 годзе спрабаваў балятавацца ў Палату прадстаўнікоў па 108-й Каліноўскай акрузе сталіцы. Аднак раённая выбарчая камісія адмовіла яму ў рэгістрацыі, спаслаўшыся на тое, што 32,1% подпісаў за ягонае вылучэньне аказаліся несапраўднымі. Дарэчы, калі вылучаўся ў дэпутаты (летам 2016 году), быў чальцом Камуністычнай партыі Беларусі. З КПБ выйшаў па ўласным жаданьні ў канцы 2017 году, уступіў у БСДГ і вельмі хутка быў выбраны намесьнікам старшыні.

Рашэньне перанесьці выбары лідэра партыі сасьпела падчас зьезду

— Сяргей, ці чакалі вы такога разьвіцьця падзеяў на зьезьдзе — пераносу выбараў старшыні партыі і намесьнікаў на другую сэсію зьезду? Гэта было заплянавана альбо гэта спантанная прапанова, якая нарадзілася ўжо падчас зьезду? Ці было гэта ўзгоднена зь кіраўніком БСДГ Станіславам Шушкевічам?

— Мы калегіяльна прынялі такое рашэньне на зьезьдзе, таму што мы ўсе мы зь вялікай павагай ставімся да лідэра нашай партыі і праводзіць сёньня выбары безь ягонага ўдзелу было б няправільна.

— Але спадар Шушкевіч напярэдадні зьезду, літаральна ў пятніцу, з бальнічнай палаты даваў інтэрвію СМІ і казаў, што стаміўся, што яму шмат гадоў, ён гатовы пакінуць пасаду.

— Мы доўга са Станіславам Станіслававічам гэтае пытаньне абмяркоўвалі. Але рашэньне адкласьці выбары прынялі толькі на зьезьдзе 9 верасьня.

— Сяргей, вы бізнэсовец, але з ухілам, так бы мовіць, у палітыку: ужо спрабавалі вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, цяпер зьяўляецеся намесьнікам старшыні БСДГ. Усе мы ведаем столькі сумных прыкладаў, калі бізнэсоўцы ішлі ў палітыку і ў іх пачыналіся праблемы зь бізнэсам. Ці не баіцеся, што гэта можа пашкодзіць вашаму бізнэсу?

— Калі б я не баяўся, было б дзіўна. Так, ёсьць асьцярогі, прычым вельмі моцныя… Але, па-першае, я жыву ў гэтай краіне і нікуды адсюль зьяжджаць не зьбіраюся, я разумею, што мае дзеці тут будуць жыць, я не хачу, каб яны зьяжджалі. Менавіта таму я хачу вельмі пастарацца, каб зрабіць штосьці добрае, правільнае для гэтай краіны. І працуючы менавіта ў палітычнай сфэры, я разумею, што магу зрабіць дастаткова шмат добрага і правільнага для сваёй краіны.

Так, я разумею, што могуць узьнікнуць праблемы; магчыма, будзе непаразуменьне, магчыма, будзе прэсінг, Але не паспрабуеш — не даведаесься. Я рызыковы хлопец.

Быў камуністам, стаў сацыял-дэмакратам

— Калі вы хацелі стаць кандыдатам у дэпутаты ўвосень 2016 году, вы пісалі, што зьяўляецеся сябрам праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. А тут такі разварот — у апазыцыйную партыю…

— Так, я сапраўды быў сябрам КПБ, прычым уступіў у партыю сьвядома. Але даволі хутка расчараваўся. У Камуністычнай партыі Беларусі ўсе ініцыятывы, якія я прапаноўваў, разьбіваліся аб сьцяну непаразуменьня. Таму я прыняў рашэньне выйсьці з КПБ і прымяніць свае веды, магчымасьці і жаданьні ў іншай палітычнай структуры.

Якраз Партыя БСДГ — гэта менавіта тая структура, дзе я змагу выкарыстаць свой патэнцыял. Я выйшаў з КПБ за пару тыдняў да апошніх выбараў у мясцовыя Саветы. Я напісаў заяву аб выхадзе з КПБ.

— Але ў Беларусі ажно тры сацыял-дэмакратычныя партыі: БСДГ, БСДП «Народная грамада» і БСДП. Чаму выбралі менавіта БСДГ?

— Бясспрэчна, за лідэра. Станіслаў Шушкевіч — вельмі паважаны чалавек, мне было вельмі прыемна зь ім пазнаёміцца і працаваць разам. З такой гістарычнай постацьцю працаваць — вялікі гонар. Таму, у першую чаргу, мой выбар быў менавіта за лідэра, сумленнага, адказнага, з унутраным стрыжнем, які заўсёды працаваў на сваю краіну

— Вы сказалі, што выйшлі з КПБ напярэдадні апошніх мясцовых выбараў. Як за такі кароткі тэрмін (выбары былі зусім нядаўна — 18 лютага 2018 году) — вы сталі намесьнікам старшыні партыі? Чаму так імкліва ўсё адбылося?

— Па факце дзейнасьці, па факце прапановаў, ініцыятываў. У мяне нядрэннае партфоліё, Станіслаў Станіслававіч на паседжаньні апошняй Цэнтральнай рады партыі ўнёс прапанову выбраць мяне намесьнікам старшыні партыі.

«Мы павінны зараз папрацаваць над іміджам партыі»

— Як разварушыць людзей, якія насьцярожна ставяцца да апазыцыі? Якія крэатыўныя ідэі прапануеце?

— На зьезьдзе БСДГ я выступіў са сваім бачаньнем асноўных кірункаў нашай працы. Іх некалькі: павелічэньне долі прысутнасьці на інфармацыйнай, палітычнай і сацыяльнай арэнах краіны; папулярызацыя і «брэндаваньне» партыйнай праграмы БСДГ як сярод моладзі, так і ў шэрагах сталага пакаленьня; павышэньне ўзроўню «пазнавальнасьці» партыйнага кіраўніцтва і ляяльнасьці насельніцтва; фармаваньне згуртаванага калектыву ў маштабах краіны.

Я цалкам падзяляю думку, што кропкавыя акцыі пратэсту, якія не падтрымлівае большасьць грамадзтва, нэгатыўна адбіваюцца і на іміджы, і статусе апазыцыі. Толькі стваральныя дзеяньні, толькі прапановы канструктыўных рашэньняў у складаных ды простых праблемах дапамогуць зьмяніць статус і імідж апазыцыі. Мы павінны зараз папрацаваць над іміджам партыі, зацікавіць нашых грамадзянаў, паказаць ім, што мы здольныя і робім гэта не дзеля «галачкі», а робім гэта, як можна бачыць у нашым слогане, «зь любоўю» да радзімы, да грамадзянаў, якія жывуць у гэтай краіне.

Акцыі пратэсту, шэсьці, апазыцыйныя мітынгі — гэта ўсё неабходна для выказваньня свайго меркаваньня. Але паралельна з гэтымі мерапрыемствамі неабходныя стваральныя «целарухі», дзеяньні, штосьці добрае, пазытыўнае. Мы павінны паказаць беларусам, што хочам ня проста канфліктаваць альбо быць у канфрантацыі, а хочам штосьці прапанаваць і настойваць на тым, каб нашы канструктыўныя прапановы ажыцьцяўляліся.

— Назавіце хоць адну канструктыўную прапанову.

— Чытайце нашу праграму.

— Якое першае мерапрыемства правядзе БСДГ пасьля зьезду?

— Мы правядзем паседжаньне цэнтральнай рады і будзем рыхтавацца да другой сэсіі зьезду, дзе абярэм кіраўніцтва.

Размаўляе па-расейску, але абяцае «падцягнуць» беларускую мову

— Вы размаўляеце па-расейску, вашы прапановы па кірунках дзейнасьці таксама напісаныя па-расейску. Вам не падаецца, што гэта дысананс, бо старшыня і сымбаль партыі БСДГ Станіслаў Шушкевіч — прынцыпова беларускамоўны чалавек?

— Я вельмі добра разумею беларускую мову, але ў мяне няма практыкі ўжываньня мовы. Калі я пачну размаўляць па-беларуску, у мяне будзе шмат памылак. А трасянка не вітаецца ў грамадзтве. Я абавязкова «падцягну» мову, і калі ў мяне будзе больш-менш атрымлівацца, я перайду на беларускую мову. Усе людзі майго ўзросту разумеюць яе, хочуць на ёй размаўляць, але без актыўнай моўнай практыкі цяжка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?