10.09.2018 / 16:29

Жыхарам швейцарскай вёскі дадуць па $2600 на месяц — за проста так 17

Сяляне ў вёсцы Райнаў змогуць паўдзельнічаць у эксперыменце па безумоўным базавым даходзе. 

Калі б вам прапанавалі атрымліваць кожны месяц пэўную суму грошай проста за тое, што вы жывяце ў Беларусі, ці пагадзіліся б вы?

Штосьці падобнае збіраюцца зладзіць у невялікай швейцарскай вёсцы Райнаў. Ужо больш за палову з яе 1300 жыхароў прагаласавала за тое, каб кожны месяц атрымліваць па 2500 швейцарскіх франкаў (каля 2600 даляраў) у якасці так званага базавага даходу, інакш кажучы — за проста так. 

«Наша Ніва» ўжо пісала пра тое, што пераважная большасць швейцарцаў на рэферэндуме 2016 года выказаліся супраць безумоўнага базавага даходу. Але цяпер эксперымент могуць правесці ў асобнай вёсцы.

Паводле задумы арганізатараў, чалавек мусіць атрымліваць грошы не за працу, але для таго, каб ён мог працаваць. Яны збіраюцца зняць пра свой эксперымент дакументальны фільм і падключыць да справы навукоўцаў, каб даследаваць, як дармовыя грошы ўплываюць на людзей і грамаду.

Такім чынам кожны чалавек у вёсцы будзе мець штомесяц гарантаваны даход. Калі хто заробіць болей, то зможа таксама пакінуць гэта сабе. 

Ідэя базавага даходу ў тым, што кожны грамадзянін атрымлівае ад дзяржавы пэўную суму, незалежна ад таго, колькі ён ці яна зарабляе, ці працуе ўвогуле. Дарэчы, адным з самых знакамітых прыхільнікаў безумоўнага базавага даходу з'яўляецца заснавальнік Facebook Марк Цукерберг. 

Паводле Вікіпедыі, у свеце ўжо праводзілася некалькі лакальных эксперыментаў па базавым даходзе. З нашых бліжэйшых суседзяў нешта падобнае летась паспрабавалі зрабіць фіны — у іх эксперыменце ўдзельнічалі 2 тысячы чалавек, але яго давялося згарнуць пасля таго, як урад адмовіўся працягнуць яго фінансаванне. А вось адмысловая камісія нямецкага парламенту ў 2013 г. прызнала гэтую задуму «невыканальнай» — маўляў, базавы даход пазбавіць людзей працоўнай матывацыі, што можа мець непрадказальныя наступствы для нацыянальнай эканомікі. 

Адзінага погляду на безумоўны базавы даход няма. Крытыкі лічаць гэтую ідэю шкоднай і ўтапічнай. Для яе трэба зашмат грошай, а атрымальнікі базавага даходу могуць ператварыцца ў пасіўных лайдакоў, а то і ў алкаголікаў ці наркаманаў.

Тыя ж, хто падтрымлівае безумоўны базавы даход, мяркуюць, што ён мог бы расцугляць прадпрымальніцкі дух сярод людзей, якія мусяць трымацца за свае часцяком ненавісныя ім працоўныя месцы.

Ёсць і такая думка, што ў будучыні большасць чалавечай працы будуць выконваць робаты, і чалавецтву хоцькі-няхоцькі давядзецца ўводзіць безумоўны базавы даход, каб хоць неяк даць выжыць беспрацоўным homo sapiens. 

А ці хацелі б атрымліваць такі безумоўны базавы даход вы? Што б вы з ім зрабілі? І колькі вам трэба для шчасця? Выказвайцеся ў каментах.

Руслан Гаёк

0
Ліцьвін / Адказаць
10.09.2018 / 16:38
У нас у драздуноў безумоўны даход шматкроць болей... :-(
0
Jasik / Адказаць
10.09.2018 / 16:55
Усёр’ёз заняўся б музыкай і матэматыкай. Ў сённяшняй Беларусі хапіла б 600-700 даляраў.
0
вусцішны троль / Адказаць
10.09.2018 / 17:03
у адной беларускай вёсцы Дразды ўжо даўно практыкуюць падобны падыход - там выплочваюць безумоўны даход у выглядзе дармавых надзелаў! Вось толькі на астатнія вёскі гэты эксперымент пакуль не распаўсюджваюць...
Паказаць усе каментары/ 17 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру