Недахоп людзей і сродкаў падштурхоўваюць да таго, што новыя людзі вельмі імкліва будуюць кар’еры і прасоўваюцца па іерархічных лесвіцах у апазіцыйных партыях.

Сяргей Чарачэнь. Фота svaboda.org.

Сяргей Чарачэнь. Фота svaboda.org.

33-гадовы Сяргей Чарачэнь, відаць па ўсім, зменіць ля стырна Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслава Шушкевіча. Гэта бізнэсовец, які раней з’яўляўся сябрам афіцыйнай камуністычнай партыі. Напрыканцы 2017 года Чарачэнь стаў сябрам БСДГ, а ўжо сёлета мае ўзначаліць арганізацыю. Шушкевіч кіраваў партыяй ад 1998 года.

Былы палітвязень і бізнэсовец Сяргей Скрабец таксама амаль імгненна стаў у БСДГ кіраўніком мінскай філіі, а таксама ўзначаліў выбарчы штаб партыі.

Можна ўспомніць, што гэта не першы выпадак, калі ў сацыял-дэмакратычных партыях чалавек звонку так хутка падымаецца на самую вяршыню. У 2005 годзе былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін толькі ўступіў ў БСДП і адразу стаў кіраўніком.

Тады ў Казуліна быў фінансавы патэнцыял, яму для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах патрэбна была палітычная сіла, якую ён знайшоў у выглядзе сацыял-дэмакратаў. Фактычна гаворка вялася пра куплю партыі. «Партыя двойчы не прадаецца», — казаў пазней былы спікер Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб.

Не стала тут выключэннем і незарэгістраваная Сацыял-дэмакратычная партыя Мікалая Статкевіча. Генеральным сакратаром партыі стаў 31-гадовы Сяргей Спарыш, які да гэтага прабыў у структуры ўсяго пару месяцаў. Спарыш запомніўся сваімі рэзкімі выказваннямі аб прыхільніках правядзення канцэрту на Дзень Волі.

Паўгода пабыла ў «Моладзі БНФ» Ганна Смілевіч перад тым, як узначаліць арганізацыю. Аднак там быў сапраўды вялікі конкурс. І за Смілевіч галасавалі дэлегаты, а не абіралі на безальтэрнатыўнай аснове.

Былы кіраўнік Партыі зялёных Лёлік Ушкін (Алег Новікаў) кажа, што ў 2007 годзе стаў старшынёй, бо партыя шукала актыўнага чалавека ў Мінску. Гэта было адзіным патрабаваннем. Сам Ушкін уступіў у Партыю зялёных у 2003 годзе.

«Гэта была мёртвая рэгіянальная партыя, якая для таго, каб ажывіць яе, шукала чалавека ў Мінску. Знайшоўся я», — кажа Ушкін. Зялёнымі ён пакіраваў да 2015 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?