Заява Сойму Партыі БНФ

Цяперашняе кіраўніцтва краіны, прыхоўваючы сапраўдныя маштабы эканамічнага крызысу, адмаўляючыся рабіць інстытуцыйныя дэмакратычныя рэформы, а тым самым далучацца да міжнародных мэханізмаў стабілізацыі эканомікі, паддалося расейскаму шантажу й пайшло на чарговую здраду беларускім нацыянальным інтарэсам. У выніку рашэньня перайсьці на расейскі рубель у разьліках за газ і нафту з Расейскай Фэдэрацыяй да 40% замежнага гандлю нашай краіны будзе абслугоўвацца расейскім рублём.

Беларуская эканоміка становіцца закладніцаю нестабільнасьці расейскай валюты, якая ніколі не належала і ня будзе належаць да пулу ўсясьветных валютаў, а служыць толькі інструмэнтам палітычнага ціску Расеі на энэргетычна залежныя ад яе краіны.

Пераход адбыўся ў выніку рэалізацыі расейцамі сцэнара «нажыўкі». Беларуская эканоміка пераходзіць на расейскі рубель у разьліках узамен за паабяцаны мільярдны крэдыт, а стаўшы яшчэ больш залежнай ад Расеі, вымагае для выжываньня наступнага крэдыту – зноў жа ўзамен за здачу сувэрэнітэту.

Партыя БНФ патрабуе ад уладаў публічнай справаздачы і адказнасьці за іхныя дзеяньні, скіраваныя супраць дзяржаўнай бясьпекі нашай краіны. Патрабуем правядзеньня на дзяржаўных тэлеканалах круглага стала з удзелам лідэраў БНФ, іншых дэмакратычных партыяў, незалежных эканамістаў, прысьвечанага шляхам вываду краіны з эканамічнага крызісу без пагрозы для яе сувэрэнітэту.

Некаторыя эўрапейскія і беларускія палітыкі, якія тлумачылі разварот эўрапейскай палітыкі стасоўна Лукашэнкі неабходнасьцю зрабіць апошняга абаронцам незалежнасьці Беларусі, павінны ўсьведаміць, што нелегітымная ўлада ня можа абараніць эканамічную і палітычную незалежнасьць Беларусі ў крызыснай сытуацыі. Гэта зможа толькі свабодны народ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?