Брэсцкія актывісты, якія непакояцца будаўніцтвам акумулятарнага завода, запрасілі з Масквы спецыяліста, каб узяць пробы глебы і хімічных адкідаў каля падобнага прадпрыемства ў Белаазёрску. Скончылася ўсё крымінальнай справай у Расіі.

Ілюстратыўнае фота

Ілюстратыўнае фота

Падрабязнасці расказаў «Нашай Ніве» брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк:

«У актывістаў была дамова з лабараторыяй «Тэстэка» Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэтая лабараторыя правярае глебу і ваду на цяжкія металы. Актывісты хацелі адправіць на праверку пробы з завода «БІТ-Сплаў», які знаходзіцца ў Белаазёрску».

«БІТ-Сплаў» працуе з 2013 года, прадпрыемства перапрацоўвае акумулятарныя батарэі. Актывісты зацікавіліся ім пасля пачатку будаўніцтва завода акамулятараў «АйПаўэр» у Брэсце.

Берасцейцы даўно і фактычна беспаспяхова змагаюцца з будоўляй «АйПаўэр». Жыхары не вераць, што вытворчасць будзе цалкам бяспечнай і настойваюць, што прадпрыемства варта перанесці далей ад горада. Збіраюцца подпісы, людзі выходзяць «на шпацыр» па плошчы перад выканкамам. Але будоўля ідзе, а мясцовыя ўлады і прадстаўнікі заводу запэўніваюць, што экалогіі і людзям нічога не пагражае.

Тое ж улады казалі і пра «БІТ-Сплаў», маўляў, небяспекі няма, усе паказчыкі ў норме.

І вось актывісты вырашылі праверыць бяспечнасць «БІТ-Сплава», бо, па словах Рамана Кісляка, прадпрымальнікі, з якімі белаазёрскі завод заключыў дамову на пераапрацоўку адкідаў, сваю працу не рабілі. Да таго ж, «БІТ-Сплаў» належыць той самай «Першай акамулятарнай кампаніі», якая і будуе ў Брэсце завод «АйПаўэр».

«Небяспечныя адкіды фактычна збіраліся каля пасёлка Зялёны Бор, а частку нават закапалі. Гэта свінцовы попел, гэта поліпрапілен.

Каб узяць пробы, прыехаў супрацоўнік лабараторыі з Масквы. Ён узяў пробы глебы і пробы тых адкідаў.

Бо пра хімічны склад адкідаў людзі таксама не ведаюць. Кажуць, там няма свінца, мыш’яка, а ўсё гэта там ёсць. Пасля прыйшлі вынікі, актывісты іх апублікавалі».

Дарэчы, паводле вынікаў пробаў, якія апублікавалі актывісты, колькасць свінца ў глебе паўсюль перавышае норму. За межамі санітарнай ахоўнай зоны, на адлегласці адзін кіламетр непасрэдна ад завода, пасля пяці гадоў працы прадпрыемства ўзровень утрымання свінца ў грунце перавышае дапушчальную канцэнтрацыю ў 6,8 раза. А на адлегласці паўтара кіламетраў ад завода — у 3,4 раза. За метр ад тэрыторыі, дзе захоўваюцца адкіды, колькасць свінца перавышае норму ў 14,6 раза.

Рэакцыя на гэта была. Вось толькі зусім не такая, як чакалася. Беларускія ўлады праігнаравалі вынікі пробаў.

Але ж не праігнаравалі іх у Расіі. Вядома, што супрацоўніка, які выязджаў браць пробы, выклікалі ў расійскі Следчы камітэт. Пакуль у якасці сведкі. Кажуць, што заведзена крымінальная справа па факце перамяшчэння небяспечных адкідаў.

У маскоўскай лабараторыі «Тэстэка», якая займалася аналізам, кажуць, што не даюць каментароў, бо гэта канфідэнцыйная інфармацыя. А з тым супрацоўнікам звязацца немагчыма, бо ён у адпачынку, запэўніваюць у «Тэстэка». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?