Галівудскі акцёр і рэжысёр Сільвестр Сталонэ абвясціў пра хуткі пачатак здымак пятага фільма пра Рэмба. Дзеянне карціны гэтым разам будзе адбывацца ў Мексіцы.

«Прыступаю хутка і вельмі ўсхваляваны. Свет, магчыма, мяняецца, але не ён… Нішто не скончана!» — напісаў 72-гадовы Сталонэ ў сваім афіцыйным інстаграме.

Ніякіх іншых падрабязнасцей аб новым фільме акцёр не прывёў.

Пастарэлы ветэран В'етнамскай вайны Джон Рэмба жыве на ранча ў Арызоне і змагаецца з посттраўматычным стрэсам. Раптам ён даведаецца, што яго ўнучка з'ехала ў Мексіку на свята і прапала.

«Затым пачынаецца жорсткі спуск у пекла, дзе Рэмба выяўляе злачынную сетку па гандлю людзьмі. Ён аб'ядноўвае намаганні з журналістам, чыю сястру таксама захапілі, і выкарыстоўвае ўсе свае навыкі для выратавання дзяўчат і барацьбы з жорсткім крымінальным лідарам», - гаворыцца ў сінопсісе да фільма.

Першы фільм пра Рэмба — «Першая кроў» - выйшаў у пракат у 1982 годзе і меў вялікі поспех у гледачоў. У 1985 году выйшла другая частка, а яшчэ праз тры гады — трэці эпізод баевіка.

У 2007 годзе Сталонэ вырашыў адрадзіць найпапулярнейшую кінафраншызу 1980-х і зняў чацвёрты фільм пра Рэмба, дзе выступіў як акцёр, рэжысёр і сааўтар сцэнарыя. Многія аглядальнікі раскрытыкавалі сіквел за празмерны гвалт на экране.

Ад фільма да фільма ворагі Рэмба станавіліся ўсё больш моцнымі і шматлікімі. Яго антаганістам у першым фільме быў шэрыф правінцыйнага амерыканскага гарадка і мясцовая паліцыя, у другой частцы ён ужо змагаўся з савецкімі вайскоўцамі ў В'етнаме, у трэцяй карціне — зноў з савецкімі вайскоўцамі, але ўжо ў Афганістане. Нарэшце, у чацвёртым сіквеле яго ворагам стала цэлая армія бірманскіх паўстанцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?