9 верасня ў машыну да віцебскага таксіста сеў невядомы. Кліент дастаў пісталет і сказаў, што ён нібыта кілер са Смаленска, якому замовілі гэтага таксіста.
Каля гадзіны «кілер» катаўся па гораду, пасля забраў у таксіста 20 рублёў і выйшаў з машыны.
Натуральна, кіроўца звярнуўся ў міліцыю. «Кілера» знайшлі і затрымалі. Высветлілася, што пісталет быў пнеўматычным. А сам мужчына раней ужо быў судзімы некалькі разоў, у лютым ён выйшаў пасля чарговай адсідкі, паведамляе міліцыя.
Цяпер на «кілера» завялі справу за пагрозу забойствам, яму пагражае да 2 гадоў калоніі.