11.09.2018 / 13:23

Віктар Марціновіч: Паэзія цяпер каштоўнейшая за прозу 17

«А я казаў табе, госпадзе, усё будзе кепска»

Добрая проза — бы тая шафа з адзеннем, залезшы ў якую, выпадзеш у снег, дзе ля ліхтара дыміць папяроскай вяртлявы кентаўрык. Проза, са сваім пустабрэшным шматслоўем, заўсёды імкнецца стварыць сусвет наноў. Свой уласны сусвет. Вельмі цяжка прозе не саслізнуўшы ў публіцыстыку рэагаваць на хібы рэчаіснасці. Паэзія кажа ёміста і па справе. Паэзія рассоўвае па сваіх шуфлядах афарызмы, якія, бы кускі каляровага шкла, дазваляюць пабачыць навакольнае лайнішча ў зусім іншай гаме. Паэзіяй можна лячыць, у той час як проза — хвароба як такая.

Паэзія каштоўнейшая яшчэ і таму, што добрых празаічных кніг у Беларусі выходзіць дзве ці тры на год, выбітны паэтычны зборнік з’яўляецца раз на два ці тры гады. Сёння я раскажу пра такую кніжку. Напісаў яе Стась Карпаў, яе назва — «Канцылярыі розных спраў».

Спадар прэзідэнт, напісанаму мною
Лісту, каб дайсці да вас акурат,
Мусіць, верагодна, пашчасціць болей, чым Ною,
Каб дасягнуць сваёй гары Арарат.

Тым не меней, спадзяюся, што мой ліст у бутэльцы,
Перастаўшы быць лістом у маёй галаве,
Быўшы кінутым у ваду, як і ўсе тапельцы
Неяк і недзе аднойчы ўсё ж усплыве.

Што мы — усе мы — робім апошнія дваццаць гадоў? Здзіўляемся, злуёмся, спрабуем зразумець, задаём пытанні, і ўсё гэта — моўчкі. І ўсё гэта — з чужым Аксіміронам у дынаміках ды чужой Верай Палазковай у чыталцы. Бо ўсе нашыя рэакцыі — гэта лісты, «кінутыя ў ваду, бы тапельцы». Карпаў фармулюе адразу ад нас усіх. Застаючыся пры гэтым вельмі асабістым. Стася можна было б назваць «голасам генерацыі», толькі там, за ягонай спінай, і тыя, каму сорак, і тыя, каму дваццаць, то мне цяжка зразумець, чыёй генерацыі ён голас. Вось гэта, напрыклад, маглі слухаць і ў 1962-м:

Будуеш Рым — гадуй свайго Нерона,
Маліся за ягоны супакой.
А лепш жыві сабе за спінкай трона,
Інакш заўсёды будзеш пад рукой.
Рука ж патрона па Хрыстовай волі
Ці лашчыць поўсць, ці цягне на забой,
І правая не ведае ніколі,
Што зараз зробіць левая з табой.
А ў нашых, у завужаных шыротах,
Мяняючы свабоду на мерсі,
Адкрыўшы рот — баішся слова з рота,
Таму, здаецца, нават не ясі.

І зразумела, што Стась — не першы, ён ідзе ў рэчышчы пэўнай (у тым ліку тутэйшай) традыцыі, носьбітаў якой можна было б лёгка пайменаваць. Але вось жа: старэйшыя, заслужаныя і зняважаныя, ужо нават не пяюць — хрыпяць. Яны спачатку смяяліся, потым крычалі, потым шапталі, сарваўшы галасы. І цяпер час ад часу выдаюць на гарышча нешта збянтэжана-раззлаванае, з зарадам такой касмічнай крыўды ў кожнай косцы, што называць гэтыя вершы творамі мастацтва не выпадае, хутчэй — грамадзянскай пазіцыяй.

Карпаў жа, адразу, у дэбютнай кнізе, знаходзіць той самы, адзіна верны, тон. Тон чысты і шчыры, бы інтанацыя наратара ў «Петэры Каменцындзе» Гесэ. І гэтаксама, як гэта было з «Каменцындам», які адразу зрабіўся сенсацыяй і ператварыў у знакамітасць свайго аўтара-дэбютанта, тут мы бачым дэбют, дасканалейшы за творы сталейшых і прызнаных аўтараў. Гэта акурат той від паэзіі, якая ёсць адлітым у красамоўную форму жыццёвым вопытам вельмі разумнага чалавека.

І — мільён дэталяў, у якіх кожны пазнае сябе:

Жменя жэтонаў у кішэні, купленая пра запас
Была старой звычкай і фармальна нагадвала школу,
Калі грошы на абед ён збіраў па дарозе ў клас.

Абавязковы абзац для тых, хто можа судзіць пра прынцыпова новую з’яву выключна праз падабенства яе са з’явамі старымі. Зборнік «Канцылярыі розных спраў» — гэта 13 адсоткаў Рыльке, 20 адсоткаў Бродскага, 7 адсоткаў Жадана, па пяць адсоткаў Пясэцкага, Мрыя, Жылкі, Зошчанкі і [вершаў] Караткевіча, астатняе — кактэйль Марцыяла з Авідыем. Сумесь дыстылізаваная на тым кшталту злосці, які ўзнікае, калі тры дні запар чытаеш толькі раздзел «Грошы і ўлада» парталу Тутбай, і тройчы прагнаная праз змеявік фені сацыяльных медыяў і гаворкі ля крамы на раёне.

Голас дыктара, запісаны нібы для праформы —
Для тых, хто і так у метро спускаецца, нібы ў забой —
З просьбай не скаплівацца каля краю платформы,
Нібы з загадам смеццю не забіваць вадастокі сабой.

Траціну гэтых вершаў можна смела друкаваць на цішотках і прадаваць праз symbal.by. Гэта тое, пра што ўсе навокал думаюць, але ніхто не здолеў як след сфармуляваць:

Авэ цэзар, і гэтае «авэ»
Перададзена з даўніны нам.
Як аддзячыць маёй дзяржаве
За ўсё тое, што здарыцца з сынам?

Ці вось, яшчэ ямчэйшае:

Усе шляхі вядуць з Беларусі
І губляюцца недзе ў Рыме.

І вось, сярод кактэйлю з афарызмаў і панчаў, знаходзіш нешта настолькі вось грунтоўнае:

«Я ўсё зразумеў сёння ноччу і ціха сказаў «ага».
Вагі не мусяць быць зрушаны, а чалавек — гэта аб’ём і вага.
Цела апушчанае ў зямлю выціскае той жа аб’ём зямлі.
І калі смерць глядзіць людзям у вочы — смяецца, бо бачыць замест вачэй нулі.
І я зразумеў, чаму смерць не цікавіць купля і продаж — смерць цікавіць абмен.
Яе правіла простае: замест сябе, сыходзячы, ты пакідаеш камень.
Камень, які будзе данашваць тваё фота, дзень нараджэння і, канечне, тваё імя.

Такія развагі — «пра «халоднае вуха Я», пра «дрэвы», «прывязаныя да неба», так што зямля пад імі гайдаецца «як арэлі», пра «дзень», што «не можа закончыцца», бо «той, хто яго зацеяў, не закрывае батлейку і патрабуе падзеяў» — надаюць грунтоўнасці таму, што напісана пра нашых «Неронаў». Дзве інтанацыйныя плыні, спалучаючыся, ствараюць эфект жывой класікі, і абуджаюць радасць ад таго, што з’явіўся голас, які зараз зможа нам усё навакольнае тлумачыць ці хаця б дапамагаць перажыць.

Мы жывём у абсурдны час, здольны звезці з глузду любога чалавека, што мае імпэт да логікі. Ад таго добрыя паэты, у тым ліку маладыя, у тым ліку — таленавітыя, намагаюцца ці то загразнуць у красамоўстве і гульні прыгожых вобразаў, ці то ўключаюць «Саўку ды Грышку» і ператвараюцца ў танных скамарохаў. Зборнік «Канцылярыі розных спраў» Стася Карпава робіць нешта большае за просты суплёт файных паэтычных тэкстаў. Ён прапануе новы шлях рэагавання на сучасную Беларусь. Можа, гэтая рэакцыя з часам зменіць і тое, на што рэагуецца:

Ну дзякуй, што жоўтае лісце не ліпне на боты.
На вуліцы клёнаў — слупы, і між імі — слупы.
Вось геаметрычнасць на справе, а я ў ёй, альбо ты —
Не болей за кропку. Не болей за вугал тупы.

 

0
аднавясковец / Адказаць
11.09.2018 / 14:05
Дзе можна прыдбаць "рубаі" паважанага паэта?
1
хамса (ваш любімы мярзотны нік)) / Адказаць
11.09.2018 / 16:40
Стась, а вокладку няўжо сам намаляваў?) я смяюся.. у сэнсе - па-добраму смяюся.. зачотная царква-панэлька ў ордэры.. а зверху там у вакне чувак з кулямётам.. так?)
залік ужо за вокладку проста.. нават не чытаўшы.. блін, мне што - узняць сваю лянівыю *опу і пашыбаваць у кнігарню? не шкадуеш ты мяне, Карпаў, не шкадуеш зусім))
0
хамса / Адказаць
12.09.2018 / 08:58
насамрэч, Стась, я пазнала будынак з чуваком з меркаваным кулямётам у руцэ.. гэта будынак насупраць кадэбэ, так?)
Паказаць усе каментары/ 17 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру