12.09.2018 / 09:08

Міністр абароны ЗША: Расія захоча ўмяшацца ў рэферэндум аб назве Македоніі

Міністар абароны ЗША Джым Мэтыс паведаміў 11 верасьня, што ён наведае Македонію напярэдадні рэфэрэндуму аб зьмене назвы краіны, які адбудзецца 30 верасьня. Мэтыс выказаў асьцярогу наконт магчымага ўмяшаньня Масквы ў ход галасаваньня ў Македоніі, паведамляе Радыё Свабода.

У чэрвені ўрад Македоніі дамовіўся з уладамі Грэцыі аб зьмене назвы рэспублікі на Паўночную Македонію. У гэтым выпадку Грэцыя ня будзе выступаць супраць уваходжаньня суседняй краіны ў склад NATO і Эўрапейскага зьвязу.

«Я занепакоены гэтым. Тыя дзеяньні, якія Расея ўжо практыкавала ў шмат якіх краінах, ад Эстоніі да Злучаных Штатаў, ад Украіны і цяпер да Македоніі — у кожнай асобнай сытуацыі яна адаптавала сваю тактыку і заўсёды рабіла гэта па-за ўсялякімі маральнымі прынцыпамі», — сказаў Мэтыс журналістам.

Візыт міністра абароны ЗША ў балканскую рэспубліку заплянаваны на канец гэтага тыдня. Мэтыс падкрэсьліў, што ЗША падтрымліваюць жыхароў Македоніі. NATO запрасіла Скоп'е пачаць перамовы аб уваходжаньні ў альянс, аднак перш, чым гэта здарыцца, у канстытуцыю краіны павінны быць унесеныя зьмяненьні аб зьмене назвы.

У Эўразьвязе таксама запэўнілі, што перамовы аб уключэньні краіны ў склад Эўрапейскай супольнасьці пачнуцца ў залежнасьці ад выніку рэфэрэндуму аб перайменаваньні рэспублікі.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру