12.09.2018 / 11:28

Якія праблемы будуць абмяркоўвацца падчас міжнароднай выставы «Турбізнэс-2018» у Мінску

Новай і важнай кропкай адліку для турыстычнай сферы Беларусі ў канцы верасня стане 25-я міжнародная выстава «Турбізнэс-2018», якая пройдзе ў Мінску. У вачах аматараў падарожжаў і бізнэс-партнёраў удзел у ёй дэ-факта будзе азначаць не толькі імкненне акрэсліць актуальныя прапановы на бліжэйшыя паўгода, але і гатоўнасць даць адэкватны адказ на зменлівую сітуацыю на рынку. Зменлівую, на жаль, не толькі ў лепшы бок.

Фота wikimedia.org.

У пройгрышы апынуцца ў першую чаргу тыя, хто вырашыць зэканоміць на ўдзеле ў традыцыйным восеньскім тэматычным форуме пад падставай міжсезоння ці наяўнасці пастаянных кліентаў. Чаму? Давайце разбірацца.

Сёлетні турыстычны сезон выдаўся, мякка кажучы, неадназначным. З аднаго боку, крызіс цікаўнасці да вандровак, што назіраўся некалькі гадоў таму, нібыта мінуў, і беларусы зноў паволі пацягнуліся па новыя ўражанні на блізкія і далёкія адлегласці. З іншага боку, у некаторых турфірм стаў заўважны адток кліентаў — тыя вырашылі падарожнічаць самастойна.

Не абышлося ў гэтым сезоне і без скандалаў, прычым яны сімптаматычныя. Успомнім, як у ліпені беларускія турысты не маглі вылецець з Кіева на адпачынак праз праблемы бюджэтных авіякампаній BravoAirways і AndaAir, а папулярны ў Беларусі найбуйнейшы расійскі тураператар «Наталі Турс» заявіў пра ануляванне пуцёвак. Ёсць праблемы і чыста беларускія: адна з фірмаў гэтым летам праінфармавала пра адмену тураў у Егіпет.

Гэтыя факты не маглі не адбіцца на даверы турыстаў да турагенцтваў. Людзі ў разгубленасці, яны не ведаюць, каму можна верыць. Абмеркаваць гэтую сітуацыю зацікаўленыя бакі змогуць па-за офісамі на спецыялізаванай выставе «Турбізнэс». Гэта найлепшая магчымасць зняць напружанасць, зразумець, што адбываецца, супакоіць недаверлівых і абзавесціся новымі кліентамі.

Выгадны ўдзел у вераснёўскай выставе і тым, хто спецыялізуецца на ўязным турызме. Нагадаем, што 24 ліпеня быў падпісаны ўказ аб павелічэнні тэрміну бязвізавага знаходжання ў Беларусі замежных грамадзян, якія прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск», з 5 да 30 дзён. Адразу пасля гэтага Міністэрства спорту і турызму агучыла прагноз: паток турыстаў у нашу краіну значна павялічыцца. Пры гэтым адкрываюцца добрыя перспектывы для далейшага развіцця аздараўленчага і медыцынскага турызму.

Калі, як не цяпер, зацікаўленым арганізацыям заявіць пра свае магчымасці па прыёме замежнікаў і заняць, так бы мовіць, сваю нішу ў гэтым сегменце рынку? Адкладванне на потым можа пасля выліцца ў зніжэнне попыту: за мяжой менавіта цяпер чакаюць цікавых прапаноў ад беларускага боку. Гэта тым больш актуальна напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску ў 2019 годзе.

Яшчэ адно важнае пытанне, якое трэба будзе абмеркаваць падчас вераснёўскага тэматычнага форуму, — будучыя змены ў Законе «Аб турызме». Мяркуецца, што папраўкі прымуць ужо ў наступным годзе. У дзелавой праграме «Турбізнэс-2018», якая пакуль фарміруецца, гэтая тэма абавязкова знойдзе сваё адлюстраванне — яшчэ адзін аргумент для ўдзелу ў выставе, што мае адбыцца.

Юбілейную, 25-ю па ліку выставу «Турбізнэс-2018» праводзіць Нацыянальны выставачны цэнтр «БЕЛЭКСПА» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам спорту і турызму. Яе тэматыка традыцыйная: уязны-выязны турызм, дзейнасць тураператараў і турагентаў, спартыўны і прыгодніцкі, рэкрэацыйны, медыцынскі, сямейны і дзіцячы, паляўнічы турызм, транспартныя кампаніі, абсталяванне турыстычных агенцтваў і гасцініц, спартыўны і турыстычны рыштунак і абсталяванне, спартыўнае і турыстычнае адзенне, падрыхтоўка турыстычных кадраў, страхаванне і бяспека, картаграфічная і сувенірная прадукцыя.

За 24 гады гісторыі гэтага форуму з’явіліся пастаянныя ўдзельнікі, якія прадстаўляюць найбуйнейшыя турыстычныя фірмы Беларусі і замежжа. Нагадаем: у 2017 годзе ў выставе ўзялі ўдзел 100 экспанентаў з 15 краін свету. Удзельнікі «Турбізнэсу» традыцыйна атрымліваюць шырокія магчымасці для рэкламы сваёй дзейнасці, новых маршрутаў, тураў, а таксама сустракаюцца з традыцыйнымі партнёрамі і наладжваюць новыя дзелавыя кантакты.

25-я Міжнародная турыстычная выстава «Турбізнэс-2018» пройдзе з 26 па 28 верасня па адрасе: Мінск, пр-т Пераможцаў, 14.

Кантакты арганізатараў:

Тэл.: (+375 17) 334-11-92, (+375 29) 887-95-73

E-mail: tourfair@belexpo.by

Сайт: belexpo.by

Партнёрскі матэрыял

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру