Што ж такое сямейны капітал і як яго атрымаць?

Сямейны капітал — адзін з відаў дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі шматдзетных сем’яў. Ён быў уведзены 1 студзеня 2018 года і прызначаецца сем’ям у сувязі з нараджэннем (усынаўленнем/удачарэннем) трэцяга альбо любога наступнага дзіцёнка ў перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года.

Гэта значыць, што прэтэндаваць на сямейны капітал можа толькі тая сям’я, у складзе якой у канкрэтна вызначаны перыяд з’явіўся трэці альбо любы наступны дзіцёнак. Калі ж, напрыклад, сям’я на момант 1 студзеня 2015 года ўжо мела траіх непаўнагадовых дзяцей, то яна можа прэтэндаваць на атрыманне сямейнага капіталу толькі пры ўмове нараджэння наступнага дзіцёнка.

Якія асноўныя ўмовы для прызначэння сямейнага капіталу?

Неабходнымі ўмовамі для атрымання сямейнага капіталу з’яўляюцца:

  • нараджэнне трэцяга альбо кожнага наступнага дзіцёнка ў перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года
  • наяўнасць у сям’і не менш за 3 непаўнагадовых дзяцей (з улікам дзіцёнка, які нарадзіўся пасля 1 студзеня 2015 года).
  • беларускае грамадзянства аднаго з бацькоў
  • пастаяннае пражыванне бацькоў і дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і, на тэрыторыі Беларусі

Важна і тое, што права на атрыманне сямейнага капіталу маюць як поўныя так і няпоўныя сем’і. У выпадку, калі бацькі пражываюць асобна, то пры афармленні сямейнага капіталу непаўнагадовыя дзеці залічваюцца да сям’і таго з бацькоў, у каго яны знаходзяцца на выхаванні. Пры гэтым калі дзеці былі ўлічаны ў адной сям’і, пры назначэнні сямейнага капіталу ў іншай яны ўжо не ўлічваюцца.

Памер дапамогі і спосаб выплаты

Матэрыяльная дапамога з’яўляецца аднаразовай і складае 10 тысяч даляраў. Гэтыя сродкі паступаюць на дэпазітны рахунак «Беларусбанка». З іх да таго часу, пакуль дзіцёнку, у сувязі з нараджэннем якога быў прызначаны сямейны капітал, не споўніцца 18 год, налічваюцца працэнты.

Як аформіць

Для таго, каб рэалізаваць права на прызначэнне сямейнага капіталу, неабходна на працягу 6 месяцаў пасля нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга альбо наступных дзяцей падаць у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы адпаведны пакет дакументаў і цягам месяца чакаць вынікаў разгляду. З пералікам дакументаў і правіламі падачы можна азнаёміцца тут.

На чыё імя заводзіцца рахунак

 Калі сям’я поўная, то рахунак на сямейны капітал заводзіцца на імя маці. У выпадку, калі сям’я няпоўная альбо маці не з’яўляецца грамадзянкай Беларусі, рахунак заводзіцца на імя бацькі.

Калі можна скарыстацца

Скарыстацца назапашанымі сродкамі можна толькі пасля таго, як дзіця, у сувязі з нараджэннем якога быў прызначаны сямейны капітал, дасягае 18 год. Датэрмінова скарыстацца дапамогай можна толькі ў выключных, прадугледжаных заканадаўствам, выпадках і толькі на атрыманне медыцынскіх паслуг.

Пры гэтым для таго, каб атрымаць права на распараджэнне сямейным капіталам, неабходна на працягу 3-х год пасля таго, як дзіцёнку, у сувязі з нараджэннем якога быў прызначаны сямейны капітал, споўніцца 18 год, звярнуцца у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы з адпаведнай заявай. Калі ў гэты перыяд заява не паступіць, то грошы будуць вернуты ў дзяржаўны бюджэт.

Таксама ёсць абмежаванні ў тэрмінах, за якія трэба патраціць назапашаныя сродкі. Калі на працягу 5 год з дня падачы заявы сродкі не будуць выкарыстаны, то яны вяртаюцца ў бюджэт.

На што можа быць патрачаны сямейны капітал?

Сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны толькі на тэрыторыі Беларусі і ў безнаяўным парадку. Пералік мэтаў, на якія могуць быць патрачаны назапашаныя сродкі, дастаткова канкрэтны і ўключае ў сябе:

-атрыманне адукацыі

-паляпшэнне жыллёвых умоваў

-атрыманне медыцынскіх і сацыяльных паслуг

-фарміраванне назапашвальнай пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай

Ні на якія іншыя мэты, акрамя пералічаных, патраціць сямейны капітал нельга.

Хто мае права на распараджэнне сямейным капіталам

Нягледзячы на тое, што права на атрыманне сямейнага капіталу ўзнікае ў сувязі з нараджэннем канкрэтнага дзіцёнка, права на распараджэнне яго сродкамі належыць усім членам сям’і.

Таму, калі ў сям’і прынята рашэнне, што распараджацца сродкамі сямейнага капіталу будзе нехта адзін, то для рэалізацыі гэтага рашэння спатрэбіцца натарыяльна завераная згода ўсіх членаў сям’і.

Калі ж здарылася сітуацыя, што ў сям’і не прыйшлі да згоды, то сямейны капітал дзеліцца паміж усімі ў роўных долях.

Ці могуць быць выкарыстаны сродкі сямейнага капіталу датэрмінова?

 Так, сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова (у поўным аб’ёме альбо часткова), але толькі на аказанне некаторых медыцынскіх паслуг і толькі ў дзяржаўных медыцынскіх установах Беларусі.

Пры гэтым, калі сродкі сямейнага капіталу былі выкарыстаны датэрмінова, то астатнім членам сям’і асобныя долі сямейнага капіталу не вылучаюцца.

Дзе можна азнаёміцца з нарматыўнымі прававымі актамі па тэме

З формамі дакументаў і нарматыўнымі прававымі актамі, датычнымі парадку прызначэння і выдачы сямейнага капіталу, можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?