12.09.2018 / 18:06

Гродзенка атрымала ў спадчыну кватэру і даўгі. Кватэру прыняла, а даўгі плаціць не можа 22

Пасля смерці мужа разам з кватэрай Яўгенія атрымала яго даўгі. Жанчына беспрацоўная, інвалід па зроку і выхоўвае 12-гадовую дачку. У месяц яна павінна плаціць 100 рублёў, а можа толькі 20. Але ў банку ісці на саступкі не хочуць і пагражаюць падаць у суд.

Фота: Вячэрні Гродна.

Муж і жонка не жылі разам каля сямі гадоў, але развод афармляць не сталі. Два гады таму Мікалай памёр. Яўгенія, афіцыйная жонка, атрымала спадчыну, а праз тры месяцы пасля пахавання патэлефанавалі з банка.

— Спачатку па тэлефоне патрабавалі выплаціць больш за 2 тысячы рублёў - такая частка крэдыту засталася непагашанай. Потым сталі дасылаць паведамленні. Прынесла ў банк пасведчанне аб смерці, з таго часу перасталі налічваць працэнты за нявыплату.

Жанчына звярнулася па дапамогу да сваякоў і знаёмых мужа, аднак ні дачка, ні сын Мікалая ад першага шлюбу, ні яго былыя калегі, акрамя трох афіцэраў, нічым дапамагчы не змаглі.

— Ён не любіў браць грошы ў доўг і не вінаваты, што ў яго рак лёгкіх. Але і маёй віны ў тым, што муж памёр, не паспеўшы разлічыцца, таксама няма, — кажа Яўгенія.

У месяц жанчына павінна плаціць 100 рублёў. Першы плацёж быў селёта ў жніўні, але Яўгенія грошы так і не пералічыла.

— У красавіку звольнілася, так як паўгода не плацілі заробак. Я інвалід трэцяй групы, адна выхоўваю дванаццацігадовую дачку. Увесь наш даход — дапамога па страце карміцеля 250 рублёў і мае «інвалідныя», 150 рублёў. Амаль усе грошы сыходзяць на камуналку, навучанне дачкі ў мадэльнай школе і курсы ангельскай. А яшчэ ўзялі два тэлефоны ў растэрміноўку. Халадзільнік пусты, прадуктамі дапамагае цётка.

Жанчына не адмаўляецца пагашаць крэдыт, але «лішніх» 100 рублёў у яе папросту няма. Максімум яна можа плаціць не больш за 20 рублёў у месяц, пакуль не знойдзе новае месца працы.

— Я кандытар чацвёртага разраду, мяне ў кафэ, рэстаран з рукамі і нагамі возьмуць. Часта тэлефануюць і запрашаюць, але з-за праблем са здароўем адмаўляюся. Перанесла шэсць аперацый, цяпер нельга падымаць больш за тры кілаграмы, нагінацца, стаяць каля печак. Раз у паўгода патрэбна паўторная аперацыя, а гэта каштуе каля 500 рублёў, — расказвае Яўгенія.

Жанчына тройчы пісала заяву ў банк з просьбай плаціць па 20 рублёў у месяц без павялічэння агульнай сумы доўгу. І кожны раз атрымлівала адмову. У афіцыйным адказе банк заяўляе, што «не знаходзіць падстаў для прадастаўлення растэрміноўкі па аплаце запазычанасці па дагаворах». Акрамя таго, нагадвае, што ў выпадку непагашэння запазычанасці будзе ініцыявана прымусовае спагнанне з спадчыннікаў, гэта значыць банк звернецца ў суд.

Як сказаў Сяргей Коваль, начальнік аддзела спагнанняў запазычанасці фізічных асоб банка, дзе браў крэдыт муж Яўгеніі, абмяркоўваць з трэцімі асобамі ўзаемаадносіны паміж даўжніком і банкам не маюць намеру. Звесткі адносяцца да банкаўскай таямніцы.

Яўгенія і далей не збіраецца плаціць па крэдыце і спадзяецца, што ў фінансавай установе ўсё ж пойдуць на саступкі.

2
Фыва / Адказаць
12.09.2018 / 18:35
Банк заберёт квартиру. Права собственности гражданка потеряет. Юридическая неграмотность. Серьезнее нужно относиться к таким вещам. Не могу, и не хочу. Это не позиция.
0
Bara / Адказаць
12.09.2018 / 18:45
Дык у чым праблема, засяляй кватэрантау й плацi. Цi спрадай кватэру й плацi. На тое й спадчына. Цi прымаеш, цi не.
2
BND / Адказаць
12.09.2018 / 18:50
Сітуацыя выглядае трохі дзіўнай і нелагічнай..З аднаго боку сумнеўныя юрыдычныя падставы ў банку, з другога боку лад жыцця жанчыны таксама падаецца "не па сродках". У прынцыпе, разгляд справы ў судзе выглядае альтэрнатывай, якая можа даць надзею для жанчыны.
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру