flickr.com

flickr.com

Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў заявілі ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару RT Маргарыце Сіманьян, што на фотаздымках, якія распаўсюдзіла брытанская паліцыя, сапраўды яны.

«Мы адлюстраваныя на тых фотаздымках», — сказаў Пятроў. На заўвагу аб тым, што яны выглядаюць даволі напружанымі, Башыраў адказаў пытаннем: «А як бы вы выглядалі?».

«Калі наша жыццё вось так вось раз і перакулілі з ног на галаву. Проста зламалі», — дадаў ён.

Адказваючы на пытанне аб тым, чаму мэтай свайго візіту мужчыны выбралі менавіта Солсберы, Пятроў сказаў, што наведаць гэты «выдатны» горад ім параілі сябры.

«Турыстычны горад, — дадаў Башыраў. — Там ёсць знакаміты сабор. Ён знакаміты ў Еўропе. Знакаміты сваімі гадзіннікам, які да гэтага часу працуе».

Яны сказалі, што прыехалі ў Солсберы як турысты.

Пра тое, ці наведвалі дом Скрыпалёў

А.П.: Можа, мы да яго і падыходзілі, калі б мы ведалі дзе ён.

Р.Б.: Вы ведаеце, дзе дом Скрыпаля? Я ўвогуле не ведаю. Да вось гэтай сітуацыі, пакуль не пачаўся гэты кашмар з намі, я не чуў гэтае прозвішча, я не ведаў нічога пра іх.

Пра яд «Навічок» або флакон духоў у багажы

А.П.: Не [не вёз небяспечныя рэчывы з сабой]. Мне здаецца, гэта наогул трызненне.

Р.Б.: Нармальным мужыкам з сабой вазіць жаночыя духі — гэта не па-дурному? Рэальна, калі праходзіш мытню, правяраюць усе рэчы. Калі б у нас нешта было б, у іх паўсталі б тыя ж пытанні — навошта ў мужчыны ў багажы ляжаць жаночыя духі?!

Пра тое, чаму ездзяць разам

Р.Б.: Давайце мы не будзем лезці ў прыватнае жыццё, у асабістае жыццё. Мы прыйшлі сюды да вас па абарону. А ў нас атрымліваецца нейкі допыт. Мы ў вас абароны просім, мы не на допыце.

Чаму вырашылі выступіць у СМІ

Р.Б.: Хочам папрасіць абароны, дапамогі. Гэта [зварот Пуціна выступіць у прэсе] было штуршком патэлефанаваць вам.

А.П.: Хутчэй за ўсё [у адваротным выпадку], гэта было б выкладзена ў сетку ў выглядзе відэазвароту. Мы раней не сутыкаліся ніколі са СМІ. І было б прасцей выказаць ўсё менавіта ў інтэрнэце.

Пра тое, ці працуюць у ГРУ

Р.Б.: А вы працуеце ў ГРУ? Я не.

А.П.: І я не.

Пра тое, дзе працуюць і чым займаюцца ў Расіі

А.П.: Мы прадпрымальнікі сярэдняй рукі. Проста калі мы зараз раскажам пра наш бізнэс, то пацерпяць людзі, з якімі мы працуем, а яшчэ мы звузім кола для пошуку вашых калег [журналістаў]. […] Калі сцісла — гэта фітнес-індустрыя.

Аб частых паездках у Еўропу і Швейцарыю (паводле брытанскай разведкі)

Р.Б.: Прыляцець у Жэневу — гэта нармальна. Гэта найбліжэйшы шлях даехаць да Манблана. Паехаць у Францыю, наведаць Францыю — гэта нармальна.

Пра англійскую мову

А.П.: У мяне крыху лепей з англійскай — я заўсёды Руслану дапамагаю. Таму ўсе мытні праходзім разам.

Пра тое, што будуць рабіць далей

Калі ёсць такая магчымасць, проста пакіньце нас у спакоі, калі ласка.

Чытайце таксама: Два мужыкі прыехалі глядзець на шпілі: сацыяльныя сеткі высмеялі расказ Пятрова і Башырава пра паездку ў Солсберы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0