Старшынём адной з асноўных нямецкіх партыяў – «Зялёных» – быў абраны немец турэцкага паходжаньня Джэм Оздэмір.
Яму 42 гады, а ў Нямеччыну былі прыехаўшы яшчэ ягоныя бацькі ў 1960‑х. Жывучы ў зацята каталіцкім рэгіёне Швабіі, Джэму ў дзяцінстве давялося яшчэ сутыкнуцца з дыскрымінацыяй. Да зялёных ён далучыўся ў 15 гадоў, прынёсшы ім экалягічныя пляны, якія сам распрацаваў для роднага мястэчка.

Джэм Оздэмір па адукацыі пэдагог і вольна размаўляе на абедзьвюх родных мовах – турэцкай і нямецкай. Ён стаў першым туркам, абраным у нямецкі парлямэнт у 1994 годзе. Пасьля далейшага навучаньня ў ЗША і шлюбу з аргентынскай журналісткай, Оздэмір быў у 2004 годзе абраны ў Эўрапейскі парлямэнт, дзе стаў экспэртам сваёй партыйнай фракцыі па замежнай палітыцы.

Оздэмір не займаўся беларускімі пытаньнямі, хоць і сустракаўся часам зь беларускімі наведнікамі ў Брусэлі, але прынцыпова ставіцца да пытаньняў дэмакратыі і правоў чалавека.
У прыватнасьці, ён выступіў супраць заключэньня ЭЗ гандлёвага пагадненьня з Туркмэністанам, зазначыўшы, што той не свабaднейшы за Беларусь.

«Цалкам недарэчна для Эўрапарлямэнту падтрымліваць прапанову аб разьвіцьці стасункаў з Туркмэністанам і ў той самы час заклікаць да павелічэньня ціску і новых санкцыяў супраць Беларусі. Гэта толькі яшчэ больш падарве міжнародны аўтарытэт ЭЗ. Наяўнасьць значных радовішчаў газу грае асноўную ролю ў кшталтаваньні палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Туркмэністану. Гэта дазваляе патлумачыць розьніцу ў падыходах да Беларусі і Туркмэністан».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?