13.09.2018 / 15:19

Легендарныя «беларускія» дамкі ў Вільні знеслі, каб збудаваць жылы комплекс 14

Беларускія дамкі ў Вільні, якія належалі Друйскай парафіі (архіўнае фота)

Віленскія ўлады далі дазвол на будаўніцтва двух жылых дамоў з элітнымі кватэрамі на вуліцы Жыгімонта (Žygimantų). Пра гэта пішуць літоўскія мэдыя. Такім чынам завяршаецца гісторыя нацыянальнага асяродку, дзе на пачатку 1990-х віравала беларускае жыцьцё, працавала рэдакцыя адроджанай «Нашай нівы», зазначае Радыё Свабода.

Згодна з праектнай дакумэнтацыяй, падрыхтоўчыя работы пачнуцца ўжо гэтай восеньню, завершыць іх мяркуюць у 2020 годзе. Інвэстыцыі кампаніі-забудоўніка Rewo складуць амаль 17 мільёнаў эўра.

Актывістаў сапсавалі квадратныя мэтры

Як пацьвердзілі Свабодзе беларускія актывісты ў Вільні, два дамкі, якія належалі Друйскай парафіі, зьнесьлі ў мінулыя выходныя. У міжваенны час дзякуючы ахвяраваньням княгіні Магдалены Радзівіл яны былі набытыя друйскімі ксяндзамі-марыянамі.

Кляштар айцоў марыян дзейнічаў у Друі цягам 1923-39 гадоў і быў заснаваны віленскім біскупам і генэралам ордэна Матулевічам. У сярэдзіне 1930-х друйскія марыяне адкрылі ў Вільні дом студый, куды накіроўваліся выпускнікі гімназіі. Там манахі фінансава падтрымлівалі Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю, садзейнічалі адкрыцьцю беларускай друкарні імя Францішка Скарыны, спрыялі выданьню беларускай перыёдыкі і літаратуры.

Менавіта на падставе беларускай прывязкі ў першыя гады незалежнасьці рашэньнем Віленскага гарадзкой рады частку нерухомасьці перадалі Таварыству беларускай культуры ў Літве — звыш 200 квадратных мэтраў павінна было хапіць для супольнага выкарыстаньня ўсімі беларускімі арганізацыямі. Галоўным апэратарам у кантактаваньні паміж зацікаўленымі бакамі быў выбраны тагачасны кіраўнік ТБК у Літве Хведар Нюнька.

Ад пачатку 1990-х для беларусаў зь «вялікай зямлі» гістарычная Вільня пачала наўпрост асацыявацца з адрасам на Жыгімонта, 12. Тут атабарылася адроджаная ў 1991-м газэта «Наша Ніва», прайшлі першыя паседжаньні Рады БНР. У 1994 годзе сюды наведаўся тагачасны міністар замежных спраў Пятро Краўчанка, які выказаў непрыхаванае задавальненьне ад зьяўленьня важнай культурніцкай пляцоўкі.

Аднак неўзабаве ў беларускай грамадзе пачаліся ўнутраныя рознагалосьсі. Новых пастаяльцаў спадар Нюнька на сваю тэрыторыю не дапускаў, будынкі пачалі камэрцыялізавацца. У 1995 годзе на знак нязгоды прастору пакінуў галоўны рэдактар «Нашай нівы» Сяргей Дубавец.

У 1998-м Таварыства беларускай культуры зарэгістравала дамкі як прыватную ўласнасьць, што для многіх актывістаў стала навіной толькі празь нейкі час. Ужо ў першай палове нулявых пачаліся размовы пра аварыйны стан будынкаў і значныя камунальныя выдаткі, у сувязі з чым было прынятае рашэньне пра «апраўданы разьмен». З самага цэнтру Вільні, са старасьвецкіх дамоў ТБК «без даплаты» перасялілася на вуліцу Бролю, у навабуды «савецкай» ускраіны. Фактычна памяняліся адрасамі зь фірмай Statyba ir nekilnojimas turtas, якая займалася будаўнічым бізнэсам.

Разьлік на справядлівасьць ня спраўдзіўся

У 2014 годзе на пазоў шэрагу сяброў Таварыства беларускай культуры ануляваць акт абмену Генэральная пракуратура Літвы распачала крымінальную справу аб разбазарваньні маёмасьці, перадачы трэцім асобам па заведама заніжаных цэнах і яшчэ паводле цэлага шэрагу іншых артыкулаў.

Не чакаючы судовага вэрдыкту, камэрсанты выставілі дамкі на продаж. Пакупнік, які праявіў цікавасьць да «аварыйнай нерухомасьці», знайшоўся хутка. Кошт аўкцыённай угоды — прыкладна 2 мільёны эўра. На час суду зьдзелка была прыпыненая, але дамагчыся справядлівасьці апанэнтам Хведара Нюнькі не ўдалося. А днямі будынкі пайшлі пад знос.

Як паведамілі беларускія актывісты, дэпартамэнт аховы помнікаў пагражаў санкцыямі і патрабаваў аднавіць гістарычныя аб’екты, але камэрсанты перамаглі. Друйская парафія, якая ў свой час была ўласьнікам пабудоваў, свае маёмасныя правы так і не агучыла.

Тым часам распрацоўнік праекту забудовы на месцы зьнесеных дамкоў запэўнівае, што сучасныя шматпавярховікі арганічна ўпішуцца ў стылістыку старога гораду.

15
Правильное решение. / Адказаць
13.09.2018 / 15:46
Зачем у нас стоит дом первого съезда РСРП,  портя центр города своим убогим видом? Память можно сохранять в книгах. зачем цепляться за здания уродливые. которые настроение прохожим портят? 
2
Bu-ga-ha / Адказаць
13.09.2018 / 16:01
Нават тутака беларусы у сваiм рэпертуары. А кажуць, iх не не пазнаЮць на гiстарычнае мапе Эуропы. "Я мiлага спазнаю па паходцы..." (c)
9
Фюрер / Адказаць
13.09.2018 / 16:23
Но как же так...Братушки....Слава Воршы...
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру