14.09.2018 / 06:31

Facebook пачаў правяраць фота і відэа на праўдзівасць

Сацыяльная сетка Facebook пачала правяраць праўдзівасць інфармацыі на фота і відэа. Пра гэта паведаміла ў карпаратыўным блогу кампаніі менеджар па прадукцыі Антонія Вудфард.

«Сёння мы пашыраем праверку фактаў для фатаграфій і відэа для ўсіх нашых 27 партнёраў у 17 краінах па ўсім свеце. Гэта дапаможа нам хутчэй выявіць і прыняць меры супраць большай колькасці дэзінфармацыі», - распавяла яна.

Кампанія стварыла саманавучальную мадэль, якая выкарыстоўвае розныя сігналы ўцягнутасці для выяўлення патэнцыйна фальшывага кантэнту. Напрыклад, зваротную сувязь ад карыстальнікаў Facebook. Фатаграфіі і відэа адпраўляюцца экспертам для праверкі фактаў.

Кампанія адзначае, што многія партнёры маюць вопыт ацэнкі фота і відэа і навучаюцца метадам візуальнай праверкі. Facebook таксама выкарыстоўвае аптычнае распазнаванне сімвалаў для здабывання тэксту з фатаграфій. Сацсетка працуе над распрацоўкай новых спосабаў вызначэння маніпуляцый з фота і відэа.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру