14.09.2018 / 09:03

Начная эрэкцыя і паштовыя маркі, лаянка за рулём і яе рызыкі, здзекі з лялькі вуду: лаўрэаты Шнобелеўскай прэміі — 2018

flickr.com

Штогадовая, ужо 28-я, цырымонія ўручэння жартоўнай Шнобелеўскай прэміі прайшла ў Гарвардскім універсітэце, у тэатры Сандэрса.

Прэмію прысуджаюць за самыя дзіўныя і смешныя — якія часта не маюць відавочнага практычнага прымянення — навуковыя даследаванні, якія, як запісана ў статуце ўзнагароды, «прымушаюць вас спачатку ўсміхнуцца, а потым — задумацца».

Сёлета, напрыклад, цырымонію адначасова перакладалі на пяць моваў — рускую, нямецкую, партугальскую, кітайскую і сырную (пяты «перакладчык» проста называў выпадковыя гатункі сыру).

Прамаўлялі ўсе «перакладчыкі» адначасова і ў адзін мікрафон — спецыяльна, каб разабраць было немагчыма ні слова.

Уручэнне ўзнагарод пераможцам перабіваецца выкананнем фрагментаў напісанай спецыяльна для цырымоніі жартоўнай оперы «Разбітае сэрца», а сам прыз уяўляў сабой няроўна разрэзанае напалову кардоннае сэрца, з якога тырчалі драты.

Паколькі прэмія жартоўная і можа пакрыўдзіць каго-небудзь з аўтараў сур'ёзных навуковых прац, арганізатары цырымоніі не публікуюць спіс намінантаў загадзя, а для пачатку паведамляюць пераможцам асабіста — даючы тым поўнае права адмовіцца ад удзелу.

Зрэшты, як адзначаюць самі арганізатары, большасць пераможцаў не супраць пасмяяцца з сябе і ўзнагароду з радасцю прымаюць.

Працягласць падзячнай прамовы строга абмежаваная роўна адной хвілінай. Пасля чаго на сцэну выходзіць 8-гадовая дзяўчынка, заглушае лаўрэатаў крыкамі «Хопіць, мне сумна!» — да таго часу, пакуль тыя не замоўкнуць.

Пры гэтым Шнобелеўскія прэміі ўручаюць сапраўдным, сур'ёзным навукоўцам. Напрыклад, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы 2010 года Андрэ Гейм стаў уладальнікам Шнобеля дзесяццю гадамі раней — за свой дослед з «лятучай жабай».

Пераможцы

Прыз у намінацыі «Антрапалогія» атрымаў швед Томас Персан і яго калегі за даследаванне паводзін жывёл у заапарку, якія даказалі, што шымпанзэ парадзіруюць людзей не радзей — і не горш, — чым людзі парадзіруюць шымпанзэ.

Узнагарода ў галіне «Біялогія» дасталася камандзе навукоўцаў пад кіраўніцтвам Паўля Бэхера, якія эксперыментальна пацвердзілі: сапраўдныя знаўцы віна могуць па адным паху дакладна вызначыць наяўнасць у куфлі адной-адзінай фруктовай мушкі.

Паола Рамана і яе сааўтары з Бразіліі атрымалі прыз у намінацыі «Хімія» за даследаванне чысцячых уласцівасцяў чалавечай сліны і магчымасцяў яе выкарыстання для барацьбы з бруднымі паверхнямі.

У намінацыі «Медыцынская адукацыя» прыз атрымаў японец Акіра Харыукі. Назва яго навуковай працы гучыць так: «Калонаскапія ў пазіцыі седзячы: урокі самастойнай калонаскапіі». Без каментароў.

Прэміі па літаратуры ўдастоена каманда навукоўцаў з Оксфарда, што эксперыментальна даказала, што людзі, якія купляюць складаную тэхніку, практычна ніколі не чытаюць прыкладзеную да яе інструкцыю.

Джэймс Коўл падлічыў, што рацыён канібалаў куды менш каларыйны, чым большасць традыцыйных дыет, за што і быў ганараваны ў «Харчовай» намінацыі.

Прэмія міру дасталася камандзе навукоўцаў з Іспаніі і Калумбіі — за працу «Крык і лаянка за рулём аўтамабіля: частата, прычыны, рызыкі і пакаранне».

Асаблівую рэакцыю залы выклікала ўручэнне ўзнагароды ў намінацыі «Рэпрадуктыўная медыцына» — яна дасталася камандзе навукоўцаў з ЗША і Японіі, якія навучыліся ўжываць паштовыя маркі для вызначэння частаты начных эрэкцый у мужчын.

І, нарэшце, прэмію па эканоміцы атрымалі даследчыкі з Кітая, ЗША і Сінгапура, якія даказалі, што здзекі з лялькі вуду, якая сімвалізуе ненавіснага боса, сапраўды зніжаюць узровень стрэсу супрацоўнікаў і ідуць на карысць іх псіхічнаму здароўю.

Пасля заканчэння цырымоніі ўручэння Шнобеля усіх пераможцаў па традыцыі асабіста павіншаваў сапраўдны нобелеўскі лаўрэат — у гэтым годзе ім стаў прафесар Гарварда Олівер Харт, ён у 2016 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію па эканоміцы.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру