Нам спатрэбіцца:
- 4—5 перцаў;
- 100 мл аліўкавага алею;
- 3 зубчыкі часнаку;
- 1 ст. л. бальзамічнага воцату;
- галінка базіліку;
- соль, перац.
Перцы мыем і выкладваем на бляху. Духоўку грэем да 200 градусаў (можна яшчэ ў дадатак падключыць рэжым грылю). Запякаем прыкладна 30 хвілін. Раю пераварочваць перцы, каб працэс адбываўся раўнамерна. Калі перцы стануць мяккімі, дастаём з духоўкі і перакладваем ці ў міску з накрыўкай, ці заварочваем у фальгу: гэта дапаможа перцам прапарыцца і дазволіць зняць скурку з меншымі высілкамі. Даём ім пастаяць хвілін 10—15.
У гэты час робім заліўку. Дробна наразаем часнок, змешваем яго з воцатам, алеем, базілікам. Солім, перчым.
Перцы ачышчаем ад скуркі і насення, перакладаем у слоік. Сок ад перцаў захоўваем і таксама дадаём да заліўкі. Заліваем перцы, каб заліўка пакрывала іх цалкам (калі трэба, дадаём больш алею).
Пажадана даць перцам настаяцца некалькі гадзін перад ужываннем. Гатовую страву можна захоўваць у лядоўні некалькі дзён, але я упэўненая, што яна знікне са стала імгненна.