15 верасня ў Мінску пройдзе ўрачыстае закрыццё мотасезона, якое праводзіцца пад эгідай «Харлей Давідсан». Арганізатары заяўляюць, што закрыццё збірае некалькі тысяч удзельнікаў. Звычайна ў такіх мерапрыемствах удзельнічае і сын Аляксандра Лукашэнкі — Віктар. Ён, дарэчы, як кажуць, член мотаклуба «Iron Birds».
Арцём Чайка і Віктар Лукашэнка
У мінулым годзе спецыяльным указам прэзідэнта байкерам дазволілі ўезд у Беларусь без візы. Сёлета — таксама. Адзіная ўмова — трэба набыць квіток на вечаровы канцэрт, які пройдзе ў «Фалькон Клабе».
«Фалькон клаб» належыць катарскаму бізнэсу, з прадстаўнікамі якога ў Віктара Лукашэнкі даўнія прыяцельскія сувязі.
Квіткі каштуюць 230 і 160 рублёў. Даражэйшыя — гэта месца за столікам, такія квіткі ўсе раскупленыя.
Забаўляць байкераў будуць амерыканскія рокеры skid row і расейскі поп-гурт «Дыскатэка Аварыя».
Арганізуе мерапрыемства кампанія «Мота Івэнт». Яе дырэктарка — 23-гадовая мінчанка Яна Сагановіч.
«Наша Ніва» пацікавілася ў Сагановіч, як жа атрымаць дазвол на безвізавы ўезд? Па словах суразмоўцы, вельмі проста.
«Ды проста запрошвалі дазвол ў прэзідэнта. Гэта рабіла наша кампанія «Мота-Івэнт». Падобная сістэма, як пры ўездзе на чэмпіянат свету па хакеі рабілі», — адказала Сагановіч.
Дырэктарка «Мота Івэнт» адзначыла, што надзвычайных мер бяспекі ў сувязі з ўдзелам Віктара Лукашэнкі, не чакаецца.
«Усё будзе як звычайна», — кажа Сагановіч.
Акрамя «Мота Івэнт», пастаянны арганізатар адкрыцця і закрыцця мінскага мотасезона — байкерскі клуб «Iron Birds». Клуб быў заснаваны ў Расіі ў 2012 годзе Арцёмам Чайкам, сынам расійскага генпракурора, які атрымаў скандальную вядомасць пасля расследаванняў Аляксея Навальнага.