Фота: facebook.com/hanna.plotnitskaya

Фота: facebook.com/hanna.plotnitskaya

Медычны ўніверсітэт патрабуе са студэнткі, якая два месяцы працавала валанцёркай у Гватэмале, заплаціць 980 рублёў за адпрацоўкі прапушчаных заняткаў і практыкі. 14 верасня Ганна Платніцкая была ў рэктараце, дзе ёй пацвердзілі: валанцёрская праца ў гарачай кропцы — няўважлівая прычына для пропускаў, піша «Еўрарадыё».

Адпрацоўкі прапушчаных заняткаў у БДМУ платныя. Адпрацоўка адной акадэмічнай гадзіны каштуе 5 рублёў 70 капеек. За 144 прапушчаныя гадзіны практыкі дзяўчыне налічылі 820 рублёў, і яшчэ 160 — за пяць дзён прапушчаных заняткаў.

«Мне сказалі, што гэта мае ўласныя праблемы, і трэба выплочваць, бо прычына пропускаў не з’ўляецца ўважлівай, — распавяла Еўрарадыё Ганна Платніцкая, якая пакуль яшчэ вучыцца на 4 курсе БДМУ. — Усе спасылаюцца на новы закон па платнай адпрацоўцы пры пропусках, яго прынялі адносна нядаўна. Падаецца, я першая, хто будзе плаціць. Але ўсе шакаваныя такой вялікай сумай: амаль $500 атрымліваецца!»

980 рублёў — вялікая сума для дзяўчыны, таму пытанне працягу навучання ў БДМУ для яе застаецца адкрытым.

Ганна Платніцкая працавала як малады медык-валанцёр у клініцы Health&Help, якая знаходзіцца ў вёсцы Чуінахтахуюб у Гватэмале. Звесткі пра гэтую валанцёрскую праграму друкаваў, у прыватнасці, беларускі інтэрнет-часопіс «34 travel».

Ганна выехала туды 2 ліпеня, калі навучальны год яшчэ ішоў, але, па яе словах, дамовілася пра сваю адсутнасць з дэканатам. Пра гэта яна напісала ў сумным допісе, які пакінула ў Instagram:

«Па мерках беларускай сістэмы адукацыі я нейкая ідыётка. Паперлася чорт ведае куды, у нейкую Гватэмалу, працаваць у клініку, дзе не плацяць. «Нічога нікому не сказала» (ну вядома ж я сказала і прасіла перанос, але мой дэканат вельмі хацеў прыкрыць свой зад). Зараз ад мяне хочуць платных адпрацовак за ўсё, а гэта прыкладна $450.

Бацькі хвалююцца, а мне вельмі сумна, што я са сваімі добрымі матывамі сустракаю вось такі водгук у так званай alma mater».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?