1. Самазабойца

«Я зацыкліўся на вайне, — падумаў капітан Насарэнка, глянуўшы на крокусы. — Ня дзіва. Дзіва тое, што гэта адбылося цяпер, а ня дзесяць год таму».

Блізкія горы хаваліся за тонкім вэлюмам дробнага дажджу. Веснавая вада хутка насычала зямлю, і за ноч зь яе выскачылі і зацьвілі крокусы. «Як шагіды. Выскачылі раптам, як шагіды», — падумаў капітан Насарэнка, і гэтае нечаканае параўнаньне, гэтая кароткая думка пацягнула за сабой другую: «Вось і я зацыкліўся на вайне».

Капітан пацёр чырванаватыя стомленыя вочы, яшчэ раз зірнуў на ліловыя кветкі пад тонкім дажджом ды адышоў ад акна. І якраз у гэты момант сяржант Норын — але, менавіта ў гэты момант, калі у зрэнках капітана яшчэ заставаўся фіялетавы, празрысты ад імжы водсьвет поля крокусаў, — сяржант Норын паклікаў капітана знадворку:

— Іван Панкратавіч!

Капітан Насарэнка быў добрым, годным чалавекам. Ён думаў, што ў выпадку зь ім д’яблу ня будзе чым асабліва пахваліцца перад калегамі па працы. Тут, на блёкпосьце, ён рабіў усё, каб з салдатамі ў давераным яму падразьдзяленьні ня здарылася нічога дрэннага. Ён разумеў іх, гэтых голеных хлопчыкаў, і рабіў усё — так, сапраўды, рабіў усё ад яго залежнае, — каб яны адслужылі тут і павярталіся па дамах і каб зь імі нічога ня здарылася. І салдаты таксама ставіліся да капітана хутчэй па-чалавечаму, чым па статуце. Таму і прагучала гэтае «Іван Панкратавіч!», а не належнае «Таварыш капітан!». І Іван Панкратавіч Насарэнка, капітан, выйшаў пад дождж.

Сяржант Норын ведаў, што капітан ня спаў амаль усю ноч, і, каб мог, не стаў бы турбаваць яго. Але ж, з другога боку, сам капітан кожны дзень пры разводцы раз за разам паўтараў: «Пры найменшай няштатнай сытуацыі неадкладна выклікаць мяне», — і сяржант Норын мусіў выклікаць, бо сытуацыя выглядала няштатнай.

Штатная — гэта калі праз блёкпост ідуць, гудучы, калёны плямістых бэтээраў, і дзяжурны шараговец Ісмаілаў падымае перад імі шлягбаўм; або калі з-за далёкага павароту ўзьнікае цывільнае жыгуляня-дахадзяга, па ўхабах дабіраецца да блёкпаста, зьніжаючы, як таго патрабуюць знакі, хуткасьць да поўнага спыненьня, чачэнцаў абшукваюць, абшукваюць жыгуляня, і дзяжурны зноў-такі падымае шлягбаўм. Але калі ў машыне едуць жанчыны, то трэба ўжо выклікаць капітана — бо з жанчынамі тут трэба абыходзіцца няштатна. Жанчына на блёкпосьце — гэта няштатна. «Дзіўныя парадкі ў гэтых чарнажопых, — разважаў сяржант Норын, ужо паклікаўшы капітана і прыглядаючыся да дзяўчыны, што набліжалася да блёкпаста. — Бо ня тое што вобыск — нават погляд на жанчыну можа справакаваць тутэйшых мужчын на мінамётны абстрэл. А самі пры гэтым ніколі ня пойдуць побач з жанчынай — ці то з жонкай, ці то зь сястрой, ці то з маці — ніколі ня пойдуць побач, а толькі на тры крокі паперадзе. І за адзін стол ня сядуць. І ношку ёй не паднясуць. А паспрабуй ня тое што абшукаць, а проста зірнуць на каторую — і мужык калі ня кінецца з нажом, то ноччу прывалачэ на гару мінамёт». Не, сяржант Норын не разумеў гэтай вайны, не разумеў Пуціна, не разумеў чачэнцаў, не разумеў нічога. І разумець не хацеў. І з тым большымі падставамі гукнуў капітана.

Але гэта ўжо нічому не дапамагло.

Дзяўчына абышла варонку, мінула бэтонныя блёкі, наваленыя вакол шашы, і аказалася не дзяўчынай, а смаркатым дзяўчом, год мо якіх трынаццаць. Ну чатырнаццаць. Але ня болей. Сапраўды смарката. Яна шморгала носам. Капітан і сяржант, два вартавыя блёкпаста, прыглядаліся да яе з прафэсійнай пільнасьцю, узгадаванай не на занятках па псыхалёгіі. Зразумець, каб застацца ў жывых. На блёкпосьце, дзе нават крокусы выскокваюць, як шагіды, зразумець незнаёмку, якая набліжаецца, азначала застацца ў жывых або загінуць, пакінуць яе ў жывых або забіць.

У куртатай чорнай куртачцы, з мокрымі доўгімі валасамі, дзяўчынка была вельмі прыгожая жывой прыгажосьцю дзіцяці — жывой, але застылай прыгажосьцю, якая сьпіць і будзе спаць, пакуль яе не разбудзяць, а пасьля прабуджэньня можа аказацца і зусім не прыгажосьцю.

Спакойная, з мокрым носам, з мокрымі валасамі, дзяўчынка падышла да салдат і працягнула паперку — дакумэнт.

— Хто такая, куды ідзеш, чаму адна, без дарослых? — капітан Насарэнка, разгортваючы паперу, гаварыў стрымана, але чамусьці ў душы варухнулася хваляваньне; чаму? Мо таму, што такой прыкладна, як гэтая дзяўчынка, магла б быць цяпер яго дачка, каб нарадзілася здаровай? З русявымі мокрымі валасамі, рукзачком, вялікімі сівымі вачыма? Чаму капітан успомніў цяпер пра дачку, пра якую ніколі ня думаў? Паперка аказалася даведкай са школы. Пячатка, подпіс — усё ў норме.

— У Тарта-хутар я іду, жыву там, із інтэрнату, із Шыбуні. Атец не смог забрать, машіна сломілась, паэтому іду адна, — дзяўчынка гаварыла па-расейску ня вельмі добра, як і большасьць дзяцей у Чачні; паводле акцэнту яна відавочна была чачэнкай, але капітана Насарэнку дзівіла, што яна зь непакрытай галавой, — чачэнкі так ня ходзяць. Дый сьветласкурая занадта.

— Нешта я цябе ня бачыў раней.

— Нядаўна мы пераехалі, раней у Рашты жылі.

— Адкрый рукзак.

Дождж узмацніўся. Кроплі ўзбуйніліся, сталі ляцець коса, пакідаючы ў паветры сьляды. «Я бег па касагоры, а за мною гнаўся дождж», — успомнілася раптам шарагоўцу Ісмаілаву; ён любіў японскую літаратуру, а Місіму асабліва. З аўтаматам, які боўтаўся перад грудзьмі, у брэзэнтавым плашчы, шараговец Ісмаілаў стаяў каля шлягбаўму, разглядаючы дзяўчынку. Усё ж такі было ў ёй нешта дзіўнае.

Ісмаілаў ля шлягбаўму, Насарэнка, Норын, Паплаўскі, Мамін, Лычко, Азораў, Панкрацьеў, Гурын… Гэта быў стацыянарны блёкпост, усталяваны яшчэ на самым пачатку вайны, разьлічаны на тое, што жыць тут салдаты будуць падоўгу. Узвод, а то і больш. Дваццаць тры, значыць, душы. А то і больш душаў.

Капітан Насарэнка пільна глядзеў на дзяўчынку. Не, напэўна раней тут ён яе ня бачыў. Трэба абшукаць. Што тут доўга думаць, некалькі спрытных, звычных рухаў, каб упэўніцца, што пад курткай, пад пахамі, пад споднямі і ў кішэнях не схавана нічога небясьпечнага. І пад мокрымі валасамі. Некалькі рухаў, якія капітан зробіць сам. Прафэсіянальна. Каб не абразіць. Нічога асабістага, гэта звычайная перасьцярога, павінна ж яна гэта разумець.

Але раптам капітан Насарэнка зразумеў, што не. Што калі пад далонямі ён адчуе цяпло яе цела, тут будзе асабістае. І капітан сумеўся; жаданьне і сорам востра хваляй падняліся зь сярэдзіны, і капітан амаль пачырванеў, і хучэй, каб задушыць хвалю на самым пачатку, каб не пачырванець, кіўнуў — маўляў, праходзь, праходзь без надгляду.

І гэта стала фатальнай памылкай.

Дзяўчынка закінула рукзак за плечы і прайшла далей. На сярэдзіне дарогі, пад навесам, яна прыпынілася і павольна азірнулася, паглядзела назад, проста ў вочы добраму перад Богам чалавеку капітану Насарэнку. І гэта быў такі погляд, які дарогу адкрыў страшнай госьці; адразу высьлізнула яна з-за рогу. Шарагоўцу Ісмаілаву не прыйшлося падымаць перад ёю шлягбаўм — уладарная, яна сама прайшла, узьнікла, вінтом закруціўшы паветра пад навесам, і ўсе адразу зразумелі — гэта пані Сьмерць.

І перш чым грымнуў выбух, перш чым дзяўчо мяккія джакондаўскія пальчыкі зьвяло на жываце — і перш чым грымнуў выбух, у ледзяным жаху, у ледзяным рогаце Сьмерці, у самае значнае — апошняе — імгненьне, поўнае невыноснага белага сьвятла:

— сяржант Норын мацюкнуўся;

— шараговец Ісмаілаў самлеў;

— перад унутраным вокам капітана Насарэнкі дзіўным чынам прабеглі сьціснутыя, сканцэнтраваныя да эсэнцыі ўсе сорак гадоў яго жыцьця: мокрыя ногі і шырокая Ясельда яго дзяцінства, шэрыя колкія коўдры вайсковага вучылішча, Ніна ў шлюбнай сукні, Нямеччына, ракеты сьпяць у доўгіх ангарах, кілямэтры размоў пра транты дома, кілямэтры размоў пра мэблю дома, кілямэтры размоў пра посуд (сэрвіз «Мадонна»), гарэлка, гарэлка, і вось ён падносіць да парогу інтэрнату для разумова непаўнавартых дзяцей белы скрутак — сваю дачку. А потым — Чачня і блёкпост. І сёньня — фіялетавае поле крокусаў.

А што бачыла ў гэтае імгненьне незразумелая смаркачка, якая прывяла Сьмерць, — невядома.

Так ня стала блёкпаста. Блёкпаста, які стаяў тут так доўга і блякаваў зусім ня тое, на што разьлічвалі яго будаўнікі.

2. Дыы, дыы

Дождж. Сьнежаньскі дождж. Незадоўга да сьмерці Маня Хавэлючка гаварыла мне, гледзячы на залеву за акном: «Дывысь, дывысь — дошч. Дошч на Різдво, і тэпло. Аж страшно чогось». Перш чым памерці самотнай у сваёй старой хаце пад высокай хвояй, Маня перажыла ў ёй тры інсульты і таму гаварыла вельмі неразборліва, прыкладна так: «Дыы, дыы — до. До на Ріо і тэо. А ао оо», — але я навучылася яе разумець. Яна гаварыла, бы боўтала ў роце ваду, бы качала там цяжкія камяні, бы прадзіралася праз калючы цёран. Калі яе не разумелі суседкі — хтось з трох суседак, якія засталіся ў трох апошніх хатах пад высокімі хвоямі, — Маня сердавала і плакала, а камяні ў яе роце зьбіваліся ў непад’ёмны камяк. У той раз Маня прыйшла да мяне, каб я выцягнула кляшча, што ўпіўся ёй у сьпіну. Мне гэта не ўдалося. Я палівала яго алеем і асьцярожна выкручвала проці ходу гадзіньніка, але маленькі, наліты крывёю калядны клешч злобна, намертва сядзеў, уціснуўшыся у белую Маніну сьпіну. Урэшце я адарвала яму тулава, але галава яго — тры рады вострых зубоў і адчайнае жаданьне ўтрымацца — так і засталася ў скуры, і я заліла яе зялёнкай. Выгніла, мусіць, потым…

Добра, што сёньня выхадны. Ня трэба ўставаць на работу. Няма нічога лепшага за кубак кавы сьнежаньскай раніцай, нават калі за акном дождж. Добра, што ня трэба ехаць, ня трэба сьпяшацца, — а то ж Ніна спазьненьняў не выбачае.

Ніна ўвогуле някепская. Някепская начальнічка, някепскі чалавек. Дагледжаная, жвавая, гаварлівая. Яна ўмее абыходзіцца з кліентамі і нас, работнікаў, у прынцыпе, ня крыўдзіць. Плаціць нядрэнна. Спрытная. У яе, як і ў мяне, няма дзяцей; я думала, што і мужа няма, аж нядаўна аказалася, што ёсьць. Раз я забавілася позна вечарам, каб дашыць заказ; Ніна разьбіралася ў прыёмнай з паперамі; урэшце я пайшла ў пральню адпрасаваць гатовую сукенку, а калі вярнулася, Ніна сварылася з мужам. Я зразумела, што мужчына з пустым рукавом, страшнымі шнарамі на твары і на мыліцах — яе муж. Мне няёмка было паказвацца ім, але і выходзіць з пакою я ня стала. Стаіўшыся у куточку за вешалкамі, я чула, як ён крычаў: «Пакуль я грошы з Чачні прысылаў, то быў патрэбен! Ты ж гэтае атэлье на мае грошы адкрыла!» Яна крычала: «Я цябе туды не пасылала! Я не вінавата, што цябе паранілі!» «Гэта дзеля цябе я пайшоў у войска, дзеля грошай для цябе? Гэта ты прымусіла мяне аднесьці нашу дзяўчынку ў інтэрнат! Божа, які я быў ёлуп! Ну і што, што яна была паралізаваная, ну і што? Гэта ж наша дзіця, і зараз бы яно было са мной». «А ты ведаеш, што такое хадзіць за ідыётам?! Аддзіраць зь яго гаўно, мачу выціраць за ім?! Ты ж усё роўна гэтага не рабіў бы, служыў бы сабе, гэта прыйшлося б рабіць мне! Ня дзеля гэтага я нарадзілася! І за табой падціраць ня буду, не чакай!» — голас Ніны перарваўся, і яна зарыдала. «Проста ты мяне ніколі не кахала», — сказаў мужчына з пустым рукавом і на мыліцах. «І ты мяне, — усхліпнула Ніна, — і ты мяне ніколі не кахаў». «Так, — пагадзіўся ён. — Мы не кахалі адно аднаго».

Так што ў нашай Ніны і дзіця было. Чым добры выхадны, што можна наліць сабе кропельку гарэлкі з апэльсінавым сокам. Кактэйль «Адвёртка». Няма нічога лепшага за глыток кактэйлю «Адвертка», калі за акном шэрая сьнежаньская імгла. А ў мяне дзяцей не было, і я ня ведаю, што такое раджаць. Маглі б быць, і нават не адно. Я тройчы рабіла аборты.

Маня Хавэлючка прызнавалася мне, што раз была ўжо зусім наважылася скочыць у бухту. Але сасьніла такі сон: быццам яна на тым сьвеце сярод іншых чакае нейкага дару, які разносіць нейкі бацюшка. І вось ён усім дае гэты дар, а ад яе адварочваецца, усім разносіць, а ад яе адварочваецца. Урэшце ён падвёў яе за рукаво да маленькай купкі людзей, сярод якіх Маня пазнала сваю сяброўку Сьвету, якая павесілася, бо не магла больш трываць боль, і там пакінуў іх у цемры. Маня зразумела, што праз такі сон Бог папярэджвае яе: самазабойцы ня ўбачаць Валадарства Нябеснага. І Маня ня скочыла ў бухту, а празь нейкі час памерла на загаце сваёй хаты, і праз суткі суседка знайшла там яе скачанелае пад дажджом цела. І цяпер Маня ўбачыць гэтае Царства, няма праблем.

Яшчэ кропельку гарэлкі. Сок скончыўся? Нічога, можна і проста так.

Цяпер аборты робяць вакуўмнай помпачкай. Гэта нават прыемна: нешта там як бы падсмоктвае… А хочаш — можна ўсё зрабіць пад наркозам, прасынаесься — і дадому.

Дождж. Шэрая імгла. Голая зямля, заваленая кучамі сабачага гаўна. Зімоўскі — мокрая, адвіслая губа, зь якой цячэ гной хлусьні — у тэлевізары. І што, дзеля такога раджаць дзяцей? Каб яны жылі ў такім сьвеце? У сьвеце, дзе няма нічога лепшага за глыток гарэлкі?

Я ня веру ў Бога, і думка пра Валадарства Нябеснае мяне ня спыніць. Але, калі настане мая гадзіна, мая хвіліна, і я вазьму ў рукі вяроўку, я ўсё роўна буду цьвёрда ведаць: жыцьцё мусіць быць цудоўным. Жыцьцё і ёсьць цудоўнае, толькі мы нічога пра яго ня ведаем.

Натальля Бабіна — літаратарка. Нарадзілася ў Заказанцы (Берасьцейшчына). Жыве ў Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?