Сёньня брытанская газэта «Financial Times» друкуе вялікае інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам.

Агулам матэрыялам пра Беларусь прысьвечана чатыры старонкі сёньняшняга нумару. Інтэрвію з Лукашэнкам мае назву «Мы ня можам быць закрытай краінай».

Журналіст«Financial Times» запытаўся ў кіраўніка Беларусі, ці зьмяніў ён сваю думку наконт прыватызацыі, бо раней шмат гадоў быў яе праціўнікам.

Аляксандар Лукашэнка адказаў:

«…Цяпер, калі наша эканоміка пераўзыходзіць валавы ўнутраны прадукт савецкіх часоў у 2,5 раза і людзі год стаяць у чарзе, каб купіць наш трактар або аўтамабіль,
мы можам гэта абмяркоўваць: «Калі вы хочаце купіць пакет акцыяў, вы можаце гэта зрабіць, але не за адзін даляр, а за мільярды даляраў…» Мы не патрабуем хабару для чыноўнікаў. Мы ня маем карупцыі, якая існуе ў вашай краіне і ў іншых постсавецкіх рэспубліках…»

Адказваючы на пытаньне, што зроблена ў справе расьсьледаваньня зьнікненьня крытыкаў рэжыму ў 2000 годзе, у тым ліку і журналіста Зьмітра Завадзкага, Аляксандар Лукашэнка сказаў:

«Гэтае сьледзтва ніколі не закрывалася… Я ўжо раней казаў, што Дзіма Завадзкі зьяўляецца найвялікшай ранай для мяне як для прэзыдэнта. Ён быў сумленны і прыстойны чалавек, які наагул ня меў сувязяў з палітыкай… Суд вынес вэрдыкт у гэтай крымінальнай справе, і чалавек за выкраданьне асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне. Але для мяне больш важна знайсьці яго [Завадзкага — «FT»] або, калі ён мёртвы, яго цела.

Калі ж высьветліцца, што наш суд памыліўся і асудзіў не таго, я буду на каленях прасіць прабачэньня ў сваякоў, сяброў і ў самога Дзьмітрыя Завадзкага, калі ён акажацца жывы.
Магчыма, вы згадалі Дзьмітрыя Завадзкага таму, што ён блізкі да вас як журналіст. Мы можам пагаварыць і аб іншых. Калі ласка, паверце, што для мяне гэта праблема з праблемаў».

Журналіст «Financial Times» запытаўся ў кіраўніка Беларусі, што робіць чалавека добрым бацькам?

Адказ Лукашэнкі:

«Вельмі важна для бацькі навучыць сына рэальнаму мужчынскаму жыцьцю. Калі [мой наймалодшы сын — «FT»] Коля меў адзін год, я браў яго за руку і заводзіў у парылку.
Вядома, ён наракаў і плакаў. Затое цяпер, калі яму чатыры гады, ён можа вытрываць тэмпэратурную розьніцу ад 100 градусаў у парылцы да 28 градусаў у басэйне. Плюс, ён вытрымлівае і ледзяную ванну. Я навучыў маіх старэйшых сыноў рабіць гэта. Мы праразаем палонку ў лёдзе на рацэ, даем туды нырца, а пасьля бяжым па сьнезе ў парылку».

Паводле Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0