16.09.2018 / 09:58

Водгулле Курапатаў: у Магілёве паставілі спектакль паводле «Жоўтага пясочка» Быкава 2

Піша Таццяна Барысік.

Прэм’ераю спектакля «Жоўты пясочак» паводле апавядання Васіля Быкава адкрыўся 131-ы сезон у Магілёўскім драматычным тэатры.

Спеклакль стаўся чаканаю падзеяй для магілёўцаў, таму квіткі былі раскуплены загадзя. Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля — студэнтка Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў,што ў Санкт-Пецярбурзе, Каміля Хусаінава адзначае, што абрала для пастаноўкі менавіта гэта апавяданне, бо тэма ўнутранай свабоды, свабоды выбару ёй блізкая, а з творчасцю Быкава знаёмая яшчэ са школьных гадоў.

Фота Дзяніс Васількоў, vasilkou.com

Пад час правядзення Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму М.@rt.кантакт у рамках удзелу ў Майстэрні маладой рэжысуры Каміля Хусаінава разам з артыстамі Магілёўскага драматычнага тэатра стварыла эскіз спектакля. Праца атрымала працяг у выглядзе пастаўленага на малой сцэне тэатра паўнавартага спектакля.

Усе ролі выконваюць маладыя акторы: лаўрэат Нацыянальнай прэміі Іван Трус, Павел Зароўскі, Андрэй Корзан,Чэслаў Вількін, Аляксандр Куляшоў, Данііл Самкнулаў, Максім Чарнюк,Ірына Дудчанка,Настасся Іваненка, Юлія Ладзік.

Жанр пазначаны як плач для шасці галасоў у адной дзеі. Падзеі адбываюцца ў Беларусі ў 1930-я.

Шасцёх асуджаных да вышэйшай меры пакарання, пад канвоем аднаго супрацоўніка НКВД Косцікава, вязуць машынай у хваёвы лясочак. Селянін Аўтух, былы чэкіст Сурвіла, паэт Фелікс Гром, крымінальнік Зайкоўскі, партыец-чыгуначнік Шастак,колішні белагвардзеец Валер’янаў — зусім розныя паводле характару, паходжання і ладу жыцця людзі — а фінал іх лёсаў аднолькавы.

Па дарозе глухне аўтамабіль Косцікаў загадвае смяротнікам — пхаць машыну. Ці пагодзяцца? Здавалася б чаго і каго ўжо баяцца?

Аж не! Спробу супраціву выказвае хіба крымінальнік. Ён адмаўляецца, кідаючы папрок ахвярам: «Я больш за вас палітычны!»і грэбліва наказвае кату перад расхінутым долам: «Каб ты ў адной яме з намі не смярдзеў!» Астатнія пагаджаюцца. Па сутнасці паміраюць гэтак жа як жылі, не здатныя вылузнуцца са сваёй скарлупіны.

Селянін не разумее куды яго вязуць, узгадвае канфіскаванага коніка і больш за ўсё дбае пра шнурок нескапанай бульбы. Партыец цешыцца падзяцы канваіра, імкнецца выслужыцца,, спадзеючыся ўратавацца. Белагвардзеец разумее - насамрэч асуджаны яшчэ ў 17 годзе, шкадуе што застаўся жыць тады, пусціў на свет дзяцей ды працягвае спадзявацца толькі на Бога.Чэкіст і тут прагне прывілеяў у выглядзе асобнай магілы, але трапляе ўсё адно ў агульную. Паэт прызнаецца ў думках — пісаў не тое што хацеў, ва ўсім вінаваціць літаратуру, хоць яго паплечнікі па долі зусім не пісалі вершаў. Адрозныя ў сваёй трагічнасці лёсы ахвяраў пражываюцца за зусім кароткі час. Акторы пераўвасабляюцца на вачах гледача амаль не змяняючы касцюмаў і рэквізіту, з гаспадарскага коніка ў суворага чэкіста, з плачкі ў актывістку камбеду. Яны спускаюцца ў залу, звяртаюцца з пытаннямі непасрэдна да гледачоў.

«Я імкнулася, каб між акторамі і залай не было сцяны», — адказваючы на пытанні журналістаў, зазначыла Каміля Хусаінава.

Спектакль пастаўлены паводле апавядання вельмі дакладна, ад аўтарскага тэксту рэжысёр адступае толькі ў трох эпізодах.

У творы Васіля Быкава кат Косцікаў адначасова ганарыцца поспехамі ў нялюдзкай службе і з жахам чакае паўтору лёсу сваіх ахвяраў. Пісьменнік пакідае свайго героя на шляху да прадказальнага жыццёвага фіналу. Каміля Хусаінава набліжае гэты фінал, каб у гледача не засталося сумневу ў ягонай непазбежнасці.

Кранальны маналог са сцэны, запыт маладзёна да сваёй бабулі: «Як жа вы гэта ўсё цярпелі?» і яе маўчанне ў адказ лучыць сучаснікаў з падзеямі мінуўшчыны. Верш Анатоля Сыса «Адпусціце мяне, Курапаты», расчуліўшы да слёз, вяртае суайчыннікаў да рэчаіснасці.

«Жоўты пясочак» не патрабуе багатага аздаблення сцэны і дэкарацый.Мастаку-пастаноўшчыку Ганне Паляковай удалося стварыць неабходную атмасферу — дэкарацый мінімум, але глядач, нават раней не знаёмы з апавяданнем, цудоўна разумее, дзе і калі адбываецца дзея. На сцэне гучыць жалобны спеў плачак, галасы птушак прарываюцца скрозь змрочную сцішанасць, з чалавечай далоні сыплецца-сыплецца жоўты пясочак.

Таццяна Барысік, Магілёў

2
літвяк / Адказаць
16.09.2018 / 18:23
''Жоўты пясочак'' -- гэта Ода песімізму і апушчэнству. Нашаму грамадству патрэбны свой Джэк Лондан, які б узнёсла і рамантычна прамаўляў пра герояў--пераможцаў. Быкаў услед за расейскімі літаратарамі, што ўзьвялі пакуту чалавека і пакутлівы гераізм на п'едэстал, пісаў пра маленькіх людзей, што ўжо не хацелі і не ўмелі змагацца. Гэта аўтсайдэры, неўдачнікі, лузеры. І вось гэтую ідыялогію аўтсайдэраў нам і прапаведуюць і замбіруюць электарат магілёўскія і піцерскія тэатралы.   Чытайце ''Гульня белымі фігурамі'' і артыкул ''Жыццё ніжэй ватэрлініі''.

0
сінькова людміла / Адказаць
06.10.2018 / 21:57
Быкаў пісаў пра Асобу, якую не лічылі за чалавека. А яны, тыя быкаўскія, беларускія  "маленькія" Глечыкі, Багацькі, Сушчэні здзяйснялі не менш чым подзвігі, проста застаючыся людзьмі.
Камусьці ж з нас трэба паглядзецца і ў люстэрка, якое таксама ёсць на старонках прозы Быкава, ды ўбачыць сябе ў тым люстэрку без рамантычных прыўкрас. Рамантызм у нашай літаратуры ёсць, і багаты (і да Ластоўскага з Караткевічам, і пасля іх). А вось мужнасці ды адукаванасці ў беларускага чытача, на жаль,  менш, чым інфантылізму. Нават тое з беларускага, што ўвесь свет шануе, паслясавецкі жыхар Беларусі па старой звычцы не можа не пляжыць: хіба ж беларускае для яго можа быць лепшым за чужое? Гэта ж светапогляд, кругаляд спачатку  трэба перайначыць...

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру