Фота belsat.eu.

Фота belsat.eu.

Цягнікі Мінск — Вільня адпраўленнем 7.35 і 8.10 з Мінска сёння спынілі на станцыі Гудагай, пасажыраў высадзілі. Прычына — падазроная скрынка ў адным з вагонаў. Пра здарэнне паведамілі НН чытачы.

«Я ехаў а 7.35 з Мінска, але спынілі, потым цягнік, які ідзе з Мінска ў 8.10, — таксама. Нейкая скрыня падазроная, міліцыя і райвыканкам робяць усе магчымае, каб людзей да мяжы даставіць — аўтобусамі, маршруткамі. Людзі, якім трэба на розныя самалёты, кідаюцца, што дзікія львы», — напісаў нам чытач Андрэй.

Гэта адбылося пасля праходжання пашпартнага і мытнага кантролю. Знайшлі падазроную скрынку, выклікалі спецыялістаў з Мінска. Цягнік адагналі ад станцыі. Сярод пасажыраў была і журналістка тэлеканала Белсат Вольга Чайчыц.

Рух чыгуначнага транспарту ў пункце пропуску Гудагай аднавіўся праз 2,5 гадзіны пасля выяўлення падазронага прадмета. Знойдзеная ў цягніку Мінск — Вільня скрынка не ўяўляе небяспекі, сказаў tut.by прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі пасажыраў, была знойдзена схованка шматразовага выкарыстання для захоўвання і перавозкі цыгарэт. «Сам бачыў. Была вялікая скрынка з дратамі. І блокі цыгарэт», - апісаў знаходку пасажыр цягніка. Бычкоўскі не пацвердзіў гэтую інфармацыю.

Большасць пасажыраў цягніка дачакаліся сканчэння праверак і працягнулі паездку. «Некаторых пасажыраў цягніка даставілі службовым транспартам пагранкамітэта ў пункт пропуску Лоша і яны перайшлі мяжу па ўзгадненні з літоўскім бокам у пешым парадку. Некалькі чалавек вярнуліся назад у Мінск. Астатнія чакалі цягніка», - удакладніў Бычкоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0