У Беларусі няма карупцыі. Гэта заявіў ў Лёндане… не, не Сідорскі, а лорд Скідэльскі.

18 лістапада ў Лёндане адкрыўся Беларускі інвэстыцыйны форум з удзелам прэм’ера Сідорскага. Злыя языкі апрыёры ахрысьцілі мерапрыемства піярам падчас фінансавай чумы. Адным з прамоўтэраў афіцыйнага Менску стаў на форуме лорд Скідэльскі.

Ён красамоўна рэклямаваў дасягненьні беларускай мадэлі. У прыватнасьці, зазначыў, што сёньня, калі «англа-амэрыканская мадэль капіталізму пад вялікім пытаньнем», курс Беларусі «на стабільнае паступовае разьвіцьцё пачынае сябе апраўдваць».

Лорд, аднак, яўна перастараўся. Ён так шчыраваў, што, як паведамляе Інтэрфакс-Захад, у ліку дасягненьняў беларускай улады назваў адсутнасьць у краіне карупцыі. (Амаль што клясыка: у СССР сэксу няма:)

І тут стала зразумела: лорд не глядзіць БТ і не чытае СБ. Бо дзяржаўныя мэдыі з размахам падалі беспрэцэдэнтную лупцоўку карупцыянэраў на нарадзе ў Лукашэнкі 13 лістапада. У нумары газэты Адміністрацыі ад 14 лістапада выкрывальная тэма заняла аж тры паласы!

Карацей, трэба тэрмінова ахапіць Палату лордаў падпіскай на беларускую дзяржаўную прэсу! І хай кожны вечар глядзяць «Панараму»!

Калі ж сур’ёзна, то лорд Скідэльскі як эканаміст мог бы пацікавіцца хаця б індэксам успрыманьня карупцыі паводле «Трэнспэрэнсі Інтэрнэшнл».

У сёлетнім рэйтынгу Беларусь на 151-м месцы са 180. На адной роўніцы з Лаосам, Эквадорам, Папуа — Новай Гвінэяй, Таджыкістанам, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікай ды Кот-д'Івуарам.

Між тым чатыры гады таму Беларусь займала 74-ы радок, а ў 2002-м мела і ўвогуле прыстойнае 36-е месца.

Карацей, ацаніце прагрэс ды сьмела вязіце вашы фунты! І паболей.

ЗЫ. Лорд Робэрт Скідэльскі уваходзіць у раду дырэктараў расейскай карпарацыі «Сыстэма». Паводле "Коммерсанта", за гэта плацяць 325 000 даляраў на год. У «Сыстэме» кажуць, што хочуць выкарыстоўваць досьвед Скідэльскага «дзеля эканамічнай экспансіі». Во які каштоўны лорд!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?