Папа Францыск падчас візіту на Сіцылію выступіў са зваротам да членаў мафіі, паклікаўшы іх адмовіцца ад злачынстваў і гвалту, піша bbc.com.
У сваёй прамове Папа сказаў, што члены арганізаванай злачыннасці, многія з якіх ходзяць у царкву і адкрыта дэманструюць сваю рэлігійнасць, «не могуць верыць у Бога і быць мафіёзі» адначасова.
Ён звярнуўся да іх, выкарыстоўваючы словы «дарагія браты і сёстры».
Папа прыбыў у Палерма, сталіцу Сіцыліі, каб ушанаваць памяць айца Джузэпэ «Піна» Пулізі. Яго забіла мафія ў 1993 годзе пасля таго, як ён уступіў у адкрытае супрацьстаянне з арганізаванай злачыннасцю, што кантралявала горад. У 2013 годзе ён быў залічаны да пакутнікаў.
«Мафія не жыве па-хрысціянску, бо сваім ладам жыцця ідзе супраць Бога і грашыць», - сказаў Папа ў часе казані, паслухаць якую ў партовым раёне Палерма сабраліся 80 000 чалавек.
«Я кажу членам мафіі: змяняйцеся, браты і сёстры! Хопіць думаць пра сябе і пра свае грошы. Звернецеся да праўдзівага Бога, Ісуса Хрыста, дарагія браты і сёстры», - сказаў пантыфік.
Джузэпэ «Піна» Пулізі выкрываў у сваіх казанях мафію. Ён служыў у бедным раёне Бранкачы, які тады кантралявала сям'я Гравіана.
Ён дапамагаў мясцовай моладзі ўладкоўваць жыццё, не патрапіўшы ў шэрагі злачынных груповак, заклікаў вернікаў дапамагаць паліцыі, адхіляў ахвяраванні гангстэраў і забараняў ім удзельнічаць у традыцыйных вулічных рэлігійных працэсіях.
Яго забойства замовілі мясцовыя босы мафіі Філіпа і Джузэпэ Гравіана. Шэсць арганізатараў і выканаўцаў забойства прызналі вінаватымі ў 1998 годзе. Амаль усе яны атрымалі пажыццёвыя тэрміны.