Вызваліўшыся з месцаў пазбаўлення волі, 25-гадовы ураджэнец вёскі Раманавічы Гомельскага раёна прыехаў у Гомель, дзе напачатку ён адзначыў вяртанне на радзіму.
П'яны мужчына вырашыў выкрасці аўто, разабраць на запчасткі і зарабіць грошы. Хлопец запрыкмеціў «Пежо». Каменем разбіў шкло, завёў машыну і з'ехаў. А каб схаваць, што тэхніка скрадзеная, спыніўся ля возера і выкінуў на абочыну нумары. Зноў завесці транспарт не змог — дапамог незнаёмец, які ехаў побач. Кіроўцу, які быў п'яны і без дакументаў, затрымалі. Суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў яго вінаватым у выкраданні маёмасці, здзейсненым паўторна, і прысудзіў да трох месяцаў арышту.
Пракуратура Гомеля апратэставала рашэнне суда. У свае няпоўныя 26 гадоў хлопец неаднаразова судзімы: за выкраданне, ухіленне ад пакарання, невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду і тройчы за крадзеж.
Як распавёў начальнік аддзела пракуратуры вобласці Дзяніс Мікушаў, судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда пагадзілася з довадамі пракуратуры і задаволіла апеляцыйны пратэст, прызначыўшы абвінавачанаму пакаранне, якое запрасіла пракуратура Гомеля, — пазбаўленне волі тэрмінам на два гады з адбываннем у папраўчай калоніі строгага рэжыму.