18.09.2018 / 08:46

Апошні гарадзенскі хіпі, які адчыніў этнакраму, і яго правілы жыцця 4

Заснавальнік этнакрамы «Цудоўня», вулічны музыка, ралявік, рэканструктар, гарадзенец «да мозгу вушэй» — усё гэта Андрэй Несцяровіч, больш вядомы як Нортан. Гэта нетыповая гісторыя чалавека, які менш за ўсё нагадвае бізнесоўца, але пры гэтым навучыўся зарабляць грошы на тым, што любіць — аўтэнтычных беларускіх рамесных вырабах.

Этнакрама «Цудоўня» ў цэнтры Гродна існуе ўжо трэці год, пры тым, што спачатку мала хто верыў, што праект будзе паспяховым і наогул выжыве… «Гэта цалкам няправільны бізнес-праект», — кажа сам Нортан. Тым не менш, этнакрама сёння — гэта не толькі гандлёвы пункт, але і культурная прастора, музей жывой гісторыі, а можа, і эксперыментальная лабараторыя.

Усё гэта стала магчымым дзякуючы яе заснавальніку, 29-гадоваму Андрэю Несцяровічу — Нортану. Хто гэты чалавек і як яму ўдалося прайсці шлях ад ралевіка і вулічнага музыкі з 10 рублямі ў кішэні, да ўласніка «Цудоўні»?

Каб разабрацца, дамо слова нашаму герою.

Трэнер па каратэ слухаў Deep Purple…

Калі ў 12 гадоў я займаўcя каратэ, мой трэнер слухаў Deep Purple i Pink Floyd. Так усё пачалося. Я тады слова «рок» нават не ведаў. Усё пачалося з музыкі, бо я слухаў не Агузараву ці Білана, а той самы Deep Purple, Kiss і г.д. Далей пайшло-паехала. Вакол музычных густаў пачало фармавацца кола стасункаў, я тусіў з рокерамі, рэперамі, панкамі, эма, а самога сябе да пэўнага часу лічыў апошнім гарадзенскім хіпі.

«Нам патрэбныя не людзі, нам не патрэбныя праблемы!»

Пасля войска я спрабаваў паступіць на гістфак. Паміж экзаменамі і крутым міжнародным гістарычным фэстам выбраў фэст, мне меліся даць рэзервовы дзень на здачу, але… адмовілі! Бо фэст быў не ў Беларусі. У мяне нават паперка была ад боку, які мяне запрасіў, але без толку… Мне сказалі: «Малады чалавек, нам тут патрэбныя не людзі, нам не патрэбныя праблемы!» Я ляснуў дзвярыма і сышоў. 

Вандроўны сярэднявечны рэстаранчык і вікінгі ў берцах

Прыкладна шэсць гадоў я ездзіў па рэканструктарскіх фэстах у Расіі разам з камандай, якая аднаўляла старадаўнія кулінарныя рэцэпты — такі сабе вандроўны сярэднявечны рэстаранчык. Чаму ў Расіі? Бо ў Беларусі годных фестываляў на ўзроўні на той момант не было. У нас можна было сустрэць на фэсце вікінга ў берцах, і гэта было нормай… Там, на фэстах, я быў уражаны: колькі ўсяго можна зрабіць сваімі рукамі — гэтак жа, як тое рабілася 1000 гадоў таму! Так пачаўся новы перыяд жыцця. Пачаў усяму вучыцца.

Нават калі мы травілі байкі, пра гэта ведалі адзінкі

Гэтым я і зарабляў. Мы былі вельмі крутым сярэднявечным рэстаранам! Рэканструкцыяй кухні тады ніхто не замарочваўся, мы былі ўнікальнымі. Нават калі некаторыя стравы былі стылізацыяй, пра гэта ведалі адзінкі. Ну а што? Крыніц вобмаль, трэба неяк выходзіць з сітуацыі… Недзе мы травілі байкі, але ўся гісторыя — гэта дапушчэнні: мы не бачылі таго, што было тады. 

Як зрабіць нешта вялікае ў крытычных умовах?

У чым кайф рэканструктарскіх фэстаў? Ты занураешся ў эпоху, выкарыстоўваеш прадметы, якімі карысталіся твае продкі. Такое сабе livehistory. Прыгажосць: поле, далёка ад цывілізацыі, без электрычнасці, газу, водаправоду, усё робіцца падручнымі сродкамі. Наогул, сітуацыя, калі ў цябе абмежаваны рэсурс, а трэба зрабіць камфортныя ўмовы для жыцця, цудоўна развівае фантазію. Ты пачынаеш думаць па-іншаму, пасля пераносіш гэта на ўсе сферы жыцця: як зрабіць нешта вялікае ў крытычных умовах з мінімальнымі сродкамі. 

Выведка? Гэта ж мая рэканструкцыя, толькі ў зялёнай форме!

Навыкі элементарнага выжывання ў лесе мне таксама дала рэканструкцыя, а яшчэ — служба ў войску, у выведроце. Я ведаю, як зрабіць цёпла, калі мокра і халодна. Ведаю, як не застудзіць ногі позняй восенню, калі прамок абутак. Як развесці вогнішча на снезе… Як бы ні пляваліся на войска, калі ты з яго хочаш нешта ўзяць — ты возьмеш. Наогул, калі я толькі пачуў, чым там займаюцца, то падумаў: дык гэта ж мая рэканструкцыя, толькі ў зялёнай форме!

Рускія дапамаглі мне ўцягнуцца ў беларушчыну

Я шмат ездзіў на фэсты ў Расію і бачыў, як яны ставяцца да сваёй гісторыі: шануюць ды грабуць пад сябе ўсё — і сваё, і не сваё, і нашае ў тым ліку. А ў Беларусі адчуваў кантраст: тут нікому нічога не патрэбна, раздаюць на ўсе бакі… Крыўдна. Так рускія фактычна дапамаглі мне праз гісторыю ўцягнуцца ў беларушчыну: праз пякучае адчуванне несправядлівасці. 

Без разумення гісторыі ты як «падвешаная сапля»…

Разуменне гісторыі дае падмурак тваёй свядомасці. Я разумею, адкуль я ўзяўся, што стварыла маю ментальнасць, мяне як асобу. У гэтым важнасць разумення сваёй спадчыны, бо без яе ты як «падвешаная сапля»: куды вецер падзьмуў, туды ты і паляцеў… Перакаці-поле. А так — кожнаму скажам, хто мы такія. Ведаць, што ты гаспадар на сваёй зямлі, — моцная зачэпка. 

Інтэрактыўны музей, дзе можна набыць экспанаты

Я сам цікавіўся рамёствамі, шмат што бачыў на фэстах, было жаданне паказаць гэта шырэй. Так нарадзілася жаданне стварыць краму, дзе будуць прадавацца рамесныя вырабы з сярэднявечча. Фактычна, меў атрымацца інтэрактыўны музей, дзе чалавек мог бы набыць тое, чым некалі карысталіся ягоныя продкі.

Крама пачыналася з 10 рублямі ў кішэні.

Неяк іграў на гітары на Савецкай у Гродне, пазнаёміўся з чалавекам, які збіраў мэблю, — з часам ён стаў маім кампаньёнам. Трэцім партнёрам стаў Антон Янкоўскі з настольнымі гульнямі. Утраіх прасцей: і з арэндай, і з рэкламай, і з колькасцю людзей, якія тут круцяцца. Калі прыйшоў час здымаць памяшканне, у мяне ў кішэні сучаснымі грашыма было 10 рублёў… Але ж выкруціўся: пазыкі, сяброўская дапамога. Гэта была суцэльная авантура!

Жонка, з якой стваралі «Цудоўню», пераехала ў Гродна з Мінска

Так тры гады таму з’явілася «Цудоўня». Стала зразумела, што на гістарычных штуковінах далёка не заедзеш, тады я ўзяў шырэй: пляцоўка з акцэнтам на беларускую этнаграфію і рамесную традыцыю — тэхнікі, якія тут існавалі апошнюю тысячу гадоў. Да гэтага вельмі моцна спрычынілася Надзейка — мая жонка, у мінулым супрацоўніца выдавецтва «Тэхналогія». Яна пераехала з Мінска, а «Цудоўня» — плён нашай агульнай працы. Яна і мяне ў плане беларушчыны моцна падцягнула! 

Не змаганне, а прышчапленне беларушчыны

Я бачыў палітычныя рухі, і мне хацелася рабіць не так. Усе гэтыя мітынгі і дэманстрацыі самі ведаеце як працуюць… Найбольшы эфект прынясе дзейнасць праз культуру, не змаганне «супраць», а прывіццё беларушчыны, стварэнне станоўчай рэпутацыі і іміджу. Таму мы рабілі нацыянальна-арыентаваную культурную пляцоўку на базе крамы. Праз гэтую пляцоўку беларушчына мае ісці далей, разлятацца, як іскры з ачагу. 

Ці баяўся прагарэць? Не думаў пра гэта

На момант адкрыцця было ўкладзена паўтары тысячы ўмоўных адзінак. Часткова гэта пазыкі, канечне. Ці не баяўся прагарэць? А я не думаў пра гэта. Ці выгадна? Велізарных грошаў тут не круціцца, але і самому на пражыццё, і супрацоўнікам, і майстрам, і на арэнду хапае. За што чалавек плаціць грошы ў сваім жыцці? За тое, што прыносіць яму асалоду. Мне мая праца прыносіць асалоду, а я яшчэ і грошы з таго маю!

За час існавання крамы набыў 30-гадовае аўто

За час існавання крамы я набыў сабе аўто 30-гадовай даўніны: машынка за мяне на цэлы год старэйшая. Спадзяюся, яна яшчэ столькі ж праездзіць. Мне грошай хапае, але тыя, каму патрэбныя выключна грошы, наўрад ці на такім заробяць. Іхны варыянт — звычайны шапік з сувеніркай. 

Цяжка было жудасна…

Першы час была наогул «жэсць»… Есці не было чаго, мы з Надзейкай начавалі на краме разы два-тры на тыдзень, проста не сыходзілі. Працы да халеры, мы нічога не разумелі, не ўмелі весці бухгалтэрыю… Памылка на памылцы, пракол за праколам. Пра гэта ведалі толькі я і яна. Цяжка было жудасна, гэта быў жорсткі перыяд, але мы яго перажылі, не загнуліся. 

«А чаму ў вас так дорага?»

Часам людзі пытаюцца: «А чаму ў вас так дорага?» Насамрэч не дорага, я стаўлю мінімальную нацэнку, каб аплачваць усё, што трэба, ды каб самому нешта засталося. Людзі не лічаць, колькі плацяць за памідоры ў супермаркеце, колькі прапіваюць штовечар, а тут бачаць кашулю ці скураную сумку, і ім «дорага». Гэта не праблемы нізкіх заробкаў, гэта праблема нізкай культуры. Што табе важнейшае — гэты прадмет ці піва ў бары? Гэта выбар кожнага: набываць тое, што яму сапраўды трэба, што зробіць яго шчаслівейшым. 

Мерапрыемствы «Цудоўні» перастаў лічыць, без сэнсу…

Праект «Цудоўня» мае два кірункі. Першы — гандаль нечым матэрыяльным, што і забяспечвае існаванне самой прасторы. Другі — бескаштоўная культурніцкая дзейнасць, з якой мы нічога не маем. На сённяшні дзень у нас ужо каля 200 мерапрыемстваў праведзена. Даўно іх не лічу, без сэнсу… Шмат што адбываецца наогул спантанна — як Акудовіч, з якім мы пазнаёміліся ў чацвер, а праз тры дні ён ужо тут выступаў. Гэта прэзентацыі, майстар-класы, канцэрты, вечарыны і куча ўсяго, што цяжка наогул неяк кваліфікаваць. 

Фібулы, крамянёвыя наканечнікі і элементы царскіх брамаў

Калі чалавеку цікава, ён можа гадзінамі хадзіць з намі па краме і размаўляць: пра тэхнікі вырабаў, гісторыю, сімвалы і г.д. Траціна маіх вырабаў сталі б някепскімі музейнымі экспанатамі. Напрыклад, тут ёсць саламяныя элементы царскіх брамаў, якіх на ўсю Беларусь чатыры асобнікі. І зробленыя яны рукамі жанчыны, якая аднаўляла арыгіналы, — Ларысай Лось. Тут жа дакладныя копіі літых сярэднявечных бранзалетаў, фібулаў, абярэгаў і г.д. Побач — стрэлы, выразаныя крамянёвым нажом, дзе крамянёвы наканечнік замацаваны сумессю жывіцы і залы — усё як у познім неаліце. Гэтым у Беларусі займаецца адзін чалавек, і ягоныя працы тут ёсць!

 Нельга назваць гэта працай — я кайфую!

Мой занятак настолькі разнастайны і цікавы, што я адчуваю сябе як рыба ў вадзе. Езджу ў падарожжы, каб прывезці тавар рамесніка, які жыве ў глухой вёсачцы на краі свету. Кайфую ад дарогі і новых знаёмстваў. «Цудоўня» працуе прыкладна са 190 мастакамі, рамеснікамі і кніжнікамі, кожны з якіх мае чым падзяліцца з іншымі. Тут жа, у краме, п’ю каву з Варашкевічам, Кірчуком, Чарнякевічам і г.д. Цяжка назваць гэта працай — я кайфую! А калі мяне ўсё закалупвае, заўжды можна сысці ў лес і пасядзець ля вогнішча. 

«Ранішняя кава Бахарэвіча» і «Улюбёны каньяк Арлова»

Мару пра беларускую кнігарню-кавярню. З беларускімі кнігамі, з назвамі напояў па-беларуску. Напрыклад, «Ранішняя кава Бахарэвіча» альбо «Улюбёны каньяк Арлова». А чаму не 

Няправільны бізнес-праект ці лабараторыя з гамункуламі

Нельга сказаць, што «Цудоўня» — скончаны праект. Ён ніколі не будзе скончаны, гэта вечнае развіццё, эксперымент, лабараторыя — пакуль я жывы. Лабараторыя, у якой замест гамункулаў — мы самі. Гэта цалкам няправільны бізнес-праект, які з’явіўся без шанцаў на жыццё ў нашым камерцыйным свеце. Я выдатна разумею, што я сам незавершаны. Праект можа завяршыцца тады, калі завершыцца фармаванне мяне, а яно ніколі не завершыцца. Хіба са смерцю. З іншага боку — а раптам я вечны?

16
Kresowiak / Адказаць
18.09.2018 / 10:28
Пару раз общался с ним,очень светлый и чистый человек,с прекрасным белорусским языком.Никакого намека на национализм.Вот с кого нашим "змагарам" пример надо брать!!!
0
Раман / Адказаць
18.09.2018 / 10:31
Цiкава... Поспехау тебе, чалавеча...
0
Яўген з Гародні / Адказаць
18.09.2018 / 15:38
Разам служылі ў войску, потым быў дзіўлены, калі пачуў пра краму. У яго яшчэ падкасты на радыё ёсць.
А  зараз Цудоўня пераехала ў новы светлы будынак ў цэнтры Гародні, там вельмі утульна і зручна правозіць сустрэчы і мерапрыемствы.
У тэксце Андрэй узгадаў пра Антося Янкоўскага, які выпускае настольныя гульні - гэта таксама вельмі цікавы чалавек.
Гэтыя людзі трымаюць  і ўвасабляюць беларушчыну Гародні, і робяць гэта паспяхова. Сапраўдныя  патрыёты без варожасці да іншых.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру