Віталь Тарас у «НН» №19 заявіў: «Журналіст Аляксандар Фядута на сайце «Наша думка» пісаў, што абраза пачуцьцяў вернікаў ня можа мець апраўданьня і ўчынак апазыцыйнай газэты заслугоўвае адназначнага асуджэньня». Разам з гэтым сп.Тарас ня ўважыў за патрэбнае хоць бы працытаваць словы таго самага журналіста.

Я меркаваў і мяркую зараз, што ў такіх разох – калі ты палемізуеш з чыімісьці словамі – цытаваць неабходна. Таму мушу працытаваць самога сябе наўздагон цягніку сп.Тараса:

«Я асуджаю рэлігійных фанатыкаў, якія даказваюць такім страшным чынам, што хрысьціяне зьняважылі іх веру. Але я асуджаю і тых, хто – ведаючы пра тое – працягвае тыражаваць гэтыя непамысныя малюнкі».

Паўтаруся: я асуджаў і асуджаю палітычны акт, зьдзейсьнены чалавекам, які іранізуе над чужой верай і нават не спрабуе пры гэтым зразумець, што ж менавіта так зьняважыла вернікаў. І зусім не адпрэчваю права публікаваць ЛЮБЫЯ тэксты, што не пярэчаць закону. Гэтага сп.Тарас заўважаць не жадае.

Акрамя таго, ён не жадае заўважаць і таго палітытычнага кантэксту, у каторым сп.Зьдзьвіжкоў апублікаваў славутыя карыкатуры. Алесь Кудрыцкі ў «НН» надрукаваў пераканаўчы аналіз той сытуацыі.

На жаль, тады мае прагнозы збыліся. Газэту «Згода» закрылі. Хто скажа, што ад гэтага выйграла свабода слова ці свабода сумленьня? І хто скажа, што віноўнікам гэтага закрыцьця быў не сп.Зьдзьвіжкоў, які СЬВЯДОМА апублікаваў карыкатуры, што сталі нагодай для закрыцьця газэты, у якой ён рабіў?

Сп.Тарас такі ветлівы, што прызнае: «Трэба аддаць належнае Фядуту: ён і ўсе тыя, хто разважае падобным чынам, у адрозьненьне ад ісламскіх фундамэнталістаў, не патрабуюць пакараць сьмерцю аўтараў малюнкаў ці рэдактараў газэтаў».

Віталь Валянцінавіч, вы хоць бы працытавалі тут артыкул, які маеце на ўвазе: «Усё вышэй сказанае ня значыць, што БАЖ ня мусіць абараняць права сп.Зьдзьвіжкова заставацца на волі. Глупства і правакацыя, ім учыненыя, не адпрэчваюць прафэсійных стасункаў «журналіст – карпарацыйная арганізацыя».

То бок, «фундамэнталіст» Фядута заклікае БАЖ абараняць правы сп.Зьдзьвіжкова. Гэта выклікае ў сп.Тараса іронію? Яго права. Але ня варта падманваць чытача, прыпісваючы мне тое, чаго я ня меў наўвеце і нават не пісаў.

Прасьцей ад усё выдаць уласныя думкі за думкі апанэнта і спрачацца зь імі. Але гэта – маніпуляцыя грамадзкай думкай.

Ксёндз Уладыслаў Завальнюк, тэоляг Пётра Рудкоўскі і неўцаркоўлены (паводле словаў уладыкі Філарэта) праваслаўны Аляксандар Фядута не спрабуюць, стасоўна пытаньняў веры, маніпуляваць грамадзкай думкай. Яны адстойваюць сваё права выказацца.

Айцец Уладыслаў Завальнюк – абвясьціўшы галадоўку.

Тэоляг Пётра Рудкоўскі – заклікаўшы вернікаў байкатаваць прагляды фільму «Код да Вінчы».

Журналіст Аляксандар Фядута – абгрунтоўваючы шкоднасьць палітычных правакацыяў, зьвязаных з пытаньнямі веры.

Журналіст Віталь Тарас працуе ў іншым жанры. Ён правакуе атаку на тых, з кім нязгодны. Стасоўна мяне ён робіць гэта не ўпершыню, прычым шторазу сьвядома прыпісваючы мне тое, чаго я не казаў, не пісаў, і нават ня меў наўвеце. Для даведкі прашу рэдакцыю «НН» разьмясьціць у газэце адрас публікацыі, на гэты раз таксама велікадушна працытаванай сп.Тарасам:

Аляксандар Фядута