У ГУУС Мінгарвыканкама распавялі новыя падрабязнасці пагоні ДАІ за легкавіком з расійскімі нумарамі ў Мінску

Пераследваць «Аўдзі» работнікі ДАІ пачалі яшчэ ў Мінскім раёне. «Каля 14.50 на трасе Р28 (Мінск — Маладзечна) каля вёскі Лашаны кіроўца\ «Аўдзі 80» на расійскай рэгістрацыі не выканаў патрабаванне супрацоўнікаў ДАІ Мінскага раёна спыніцца і працягнуў рух у кірунку сталіцы. Пры пераследзе неаднаразова не выконваў патрабаванні аб спыненні», - адзначылі ў ГУУС.

Каля Заслаўя службовы аўтамабіль ДАІ па тэхнічных прычынах не змог працягнуць пераслед. Інфармацыя аб парушальніку была перададзена ў дзяжурную частку.

У Мінску на вул. Ціміразева ў раёне МКАД супрацоўнікі сталічнай ДАІ заўважылі аўтамабіль. Кіроўца зноў не спыніўся. Ён збочыў у завулак Тучынскі на паркоўку каля гандлёвага цэнтра «Карона», дзе працягнуў рух па тратуары ў напрамку ўваходу на станцыю метро «Маладзёжная».

Інспектар выкарыстаў табельную зброю для спынення аўто (у выніку ніхто не пацярпеў), бо дзеянні вадзіцеля «Аўдзі 80» стваралі рэальную пагрозу жыццю і здароўю людзей, зазначаецца ў паведамленні.

«Гэтая мера не дазволіла спыніць супрацьпраўныя дзеянні кіроўцы. Ён працягнуў рух па тратуары каля гандлёвага цэнтра ў напрамку вул. Кальварыйскай, затым па ёй самой, потым збочыў на вул. Жудро і паехаў па сустрэчнай паласе», - дадалі ў ГУУС.

На вул. Жудро парушальнік урэзаўся ў машыны. Тут «Аўдзі» у рэшце рэшт заблакавалі службовымі аўтамабілямі ДАІ.

Кіроўца затрыманы. Устаноўлена, што гэта грамадзянін Беларусі, 1953 года нараджэння. Правы адпаведнай катэгорыі ў яго ёсць, быў цвярозы. «Прычыну неадэкватных паводзін і шматлікіх парушэнняў ПДР патлумачыць не змог. Па гэтым факце праводзіцца праверка», - праінфармавалі праваахоўнікі.

У ГУУС падкрэслілі, што «у сталічнай ДАІ дастаткова сродкаў і метадаў для барацьбы з правапарушальнікамі, што ажыццяўляюць супрацьпраўныя дзеянні, якія выкарыстоўваюцца і будуць выкарыстоўваць строга ў адпаведнасці з заканадаўствам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0