Двое жыхароў Маладзечна спрабавалі незаконна ўвезці ў Беларусь з Расіі 1 тысячу літраў спірту, паведамляе УУС Мінаблвыканкама.
Аператыўнікі высветлілі, калі маладзечанцы павінны прывезці з Расіі чарговую партыю спірту. Ноччу паблізу Барысава супрацоўнікі спынілі іх «Форд-Транзіт». Першапачатковы агляд нічога не даў, аднак у салоне стаяў характэрны пах спірту. Падазрэнне аператыўнікаў узмацняла і вышыня столі ў параўнанні з вышынёй даху мікрааўтобуса.
Аказалася, што схованка была абсталявана менавіта ў прасторы паміж дахам і столлю. Адтуль дасталі 200 пяцілітровых пластыкавых каністраў, як мяркуецца, са спіртам. Знойдзены алкаголь канфіскаваны і накіраваны на экспертызу.