19.09.2018 / 17:52

У Беларусі запрацавалі паштаматы: забраць пасылку стане прасцей 3

«Белпошта» афіцыйна запусціла ў эксплуатацыю паштаматы. Зараз атрымаць міжнародную пасылку можна без чэргаў у любы зручны час. Як карыстацца новымі прыладамі і ў чым плюсы для кліентаў, паказалі сёння ў адным з самых сучасных аддзяленняў пошты на пр. Пераможцаў, 123, перадае БелТА. 

Пасля тэставых выпрабаванняў пачалася эксплуатацыя 20 такіх прылад самаабслугоўвання: 11 з іх — у сталіцы, па адным у кожным абласным цэнтры, а таксама ў Оршы, Лідзе, Барысаве і Бабруйску. Як гэта працуе, тлумачыць начальнік упраўлення тэхнічнага і сеткавага ўзаемадзеяння «Белпошты» Аляксей Цвірка.

Патрапіць пасылка ў паштамат альбо яе трэба будзе забраць на пошце, вырашае сам кліент. Для перанакіравання пасылкі ў любы з паштаматаў кліенту трэба зарэгістравацца ў асабістым кабінеце на сайце «Белпошты» і адзін раз прайсці ідэнтыфікацыю ў найбліжэйшым да паштамата аддзяленні паштовай сувязі (трэба будзе прад'явіць пашпарт або пасведчанне кіроўцы).

«Калі чалавек рэгулярна атрымлівае міжнародныя паштовыя адпраўленні з замежных інтэрнэт-крам або ад сваякоў за мяжой, хутчэй за ўсё, кліент карыстаецца паслугай перанакіравання.

Як толькі пасылка атрымала нумар, па якім яе можна адсочваць, пасылка можа быць перанакіраваная. У кліента ў асабістым кабінеце на сайце «Белпошты» з'явіцца дадатковае меню «паштаматы». Ён зможа ўбачыць іх адрасы і перанакіраваць пасылку ў паштаматы», — тлумачыць Аляксей Цвірка. Важны нюанс — гэта трэба зрабіць да праходжання мытнага кантролю.

Пасля перасылкі кур'ер даставіць пасылку ў паштамат. Пра тое, што можна забраць пасылку, кліента апавясцяць SMS або лістом на электронную пошту, названымі пры рэгістрацыі ў асабістым кабінеце. У апавяшчэнні будзе код, які адкрые ячэйку, і тэрмін знаходжання пасылкі ў паштамаце (3 сутак — 72 гадзіны з моманту дастаўкі). У зручны для сябе час кліент можа прыйсці і атрымаць пасылку самастойна, не заходзячы ў аддзяленне пошты.

Дарэчы, у ячэек няма нумароў. У якую з іх патрапіць ваша пасылка, вызначае аператар, і гэта будзе залежаць ад габарытаў паштовага адпраўлення. Прадугледжаны ячэйкі трох тыпаў, пры гэтым варта ўлічваць: максімальныя габарыты — 50×40×39 см, максімальная нагрузка на паліцу — 30 кг, калі пасылка цяжэйшая, у паштамат яе не змесцяць.

Большасць паштаматаў, якія працуюць цяпер, усталяваны каля аддзяленняў сувязі, але ў прынцыпе іх могуць размяшчаць у гандлёвых цэнтрах або іншых месцах.

Калі пасылка платная (ёсць накладны плацеж, мытныя зборы і г.д.), на экране з'явіцца інфармацыя пра суму, якую трэба аплаціць. Зрабіць гэта можна толькі з дапамогай банкаўскай карткі. Пасля аплаты ячэйка аўтаматычна адкрыецца — пасылку можна забраць. Па жаданні кліента паштамат надрукуе чэк. Калі на працягу 72 гадзін ніхто не прыйшоў па пасылку, кур'ер забірае яе і перадае ў найбліжэйшае аддзяленне сувязі. Пра тое, дзе цяпер забраць пасылку, кліента праінфармуюць ізноў жа па SMS ці электроннай пошце.

У перспектыве сетку паштаматаў хочуць пашыраць з улікам развіцця інтэрнэт-гандлю. Гэта значыць, інтэрнэт-крамы таксама маглі б перадаваць кліентам пакупкі праз паштаматы. Гэта дапаможа спрасціць «апошнюю мілю», г.зн. саму дастаўку тавару пакупніку. Уладальнікі інтэрнэт-крамаў скарачаюць выдаткі на ўласную кур'ерскую службу, а кліенты атрымліваюць зручны сэрвіс. Кошт дастаўкі стане ніжэйшым. Адпаведна, для канчатковага спажыўца тавар акажацца таннейшым. Гэтым шляхам пайшлі, напрыклад, у Польшчы, Літве, Эстоніі, Расіі.

1
Aliaksei / Адказаць
19.09.2018 / 18:14
О даюць! Навінка! У суседзяў ужо пакаматы працуюць амаль 5 год. Дык там і самаму можна адпраўляць можна, і табе. А тут толькі пошта табе. Нешта напалову абышто.
0
Leikobel / Адказаць
19.09.2018 / 19:50
Тут из почты раскуроченный посылки забираешь, а какие же они будут из почтоматов, где вообще никого не найдёшь копайнено...
0
W / Адказаць
19.09.2018 / 22:17
У Шабанах такая шафа ўжо амаль год стаіць, але ніколі не бачыў, як ёй карыстаюцца.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру