Да пяці гадоў пазбаўлення волі прысудзіў суд жыхарку Магілёўскага раёна, якая адмовілася вяртаць грошы, выдадзеныя ёй памылкова банкаўскім работнікам, паведамляе sb.by.

Жанчына звярнулася па атрыманне грашовага пераводу на 850 расійскіх рублёў. Дзяўчына-касір памылкова вырашыла, што выдаць трэба 850 000 расійскіх рублёў.

Яна ўдакладніла ў кліенткі — у якой менавіта валюце тая хоча атрымаць грошы? Высветлілася, што ў беларускай. Супрацоўнік банка сказала, што 24 840 беларускіх рублёў — сума вельмі вялікая і неабходны час, каб каса папоўнілася грашыма.

Пазней, выявіўшы нястачу, супрацоўнікі банка спрабавалі звязацца з жанчынай. Яны таксама тэлефанавалі абаненту, які адправіў гэтыя грошы. Аднак яны вяртаць грошы не захацелі, і банк звярнуўся з заявай у міліцыю. Справа дайшла да суда.

Абвінавачаная не захацела прызнаваць сваю віну і на судзе патлумачыла, што доўгі час жыве ў Расіі і таму не магла дакладна ведаць суму ў беларускіх рублях.

Жанчына запэўнівала, што вярнуць банку атрыманую такім чынам суму не магла, таму што быццам сама стала ахвярай злачынцы: перадала грошы сужыцелю для абмену, а ён з грашыма знік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0