Пераможцы «Басовішча‑2008» гарадзенскі гурт Tlusta Lusta прэзэнтуюць «Blіn pіersy» — менавіта так завецца іх дэбютная праца.

«На нашых канцэртах звычайна не чуваць словаў у песьнях, дык цяпер урэшце пачуеце, пра што мы сьпяваем», — кажа лідэр каманды Кірыл Богуш. Гарадзенцы пісалі альбом на ўласныя грошы, хоць у якасьці прызу атрымалі 20 гадзінаў бясплатнага запісу на студыі ў Беластоку. «Але пасьля «Басовішча» да нас ніхто наконт запісу не зьвярнуўся, таму мы паехалі ў Ваўкавыск і запісалі альбом там», — кажа Кірыл.

Акром запісу ў студыі, Tlusta Lusta на «Басовішчы» атрымала яшчэ адзін прыз — здымкі кліпа на тэлеканале «Белсат». «Але адтуль таксама маўчок, — апавядае Кірыл Богуш. — Я ня жалюся, але проста не разумею, як быць з тымі прызамі — ці нам самім шукаць тых, хто нам іх уручыў».

Tlusta Lusta вырашыла не сядзець на печы ў чаканьні запрашэньня і запісала альбом на свае грошы ў студыі ў Ваўкавыску. «Нам падабаецца там працаваць, вельмі ўтульна», — кажа Кірыл. У выніку двухмесяцовай працы і зьявіўся дыск «Blіn pіersy», куды ўвайшлі 11 песень. «Мы ведаем, што будуць памылкі, але мы стараліся як маглі. І нават нечакана для сябе адзначылі пасьля праслухоўваньня гатовага матэрыялу: атрымалася файна. На нашых канцэртах звычайна не чуваць словаў у песьнях, дык цяпер урэшце пачуеце? пра што мы сьпяваем», — кажа лідэр Tlusta Lusta.

Акром вядомага ўжо па канцэртных выступах гарадзенцаў кавэру на песьню МакSім, на дыску ёсьць яшчэ адна чужая песьня — на адзін з твораў герояў гарадзенскага панк‑року — гурта Deviatіon. І на гэтым Tlusta Lusta не спынілася — зусім нядаўна яны запісалі яшчэ адзін кавэр на песьню «Пацалунак» гурта Neuro Dubel. «У наш альбом яна не ўвайшла, але я ўжо размаўляў з Аляксандрам Кульлінковічам. Гэты твор напэўна ўвойдзе ў трыб’ют гуртe», — кажа Кірыл.

Гурт Tlusta Lusta падтрымае каманда Піта Паўлава GARADzKІJA. «Яны падыходзяць нам па стылістыцы, а да ўсяго іх дыск я дома слухаю», — кажа Кірыл. А Піт адзначыў, што «гэтым канцэртам яны хочуць падсумаваць усе свае папярэднія выступы ды спраўдзіць у канцэртных умовах гучаньне новых песень».

SB, ТГ

26 лістапада ў DA‑club (вул. П.Броўкі, 22) у 19:00.

Квіткі: 15—20 тыс. рублёў, замова праз тэл.: (029) 649‑08‑88, (029) 688‑61‑74.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0