21.09.2018 / 12:07

У Абольцах адкрылі памятны знак на месцы зруйнаванага касцёла  7

У Абольцах (Талачынскі раён) адбылося адкрыццё памятнага знака на месцы колішняга касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. На таблічцы, прымацаванай да каменя, на лацінцы выпісаныя словы: «У 1387 годзе вялікім князем літоўскім і каралём польскім Ягайлам тут пабудаваны адзін з першых касцёлаў на тэрыторыі Беларусі», паведамляе сайт «Наша Талачыншчына». 

Ідэя ўстаноўкі памятнага знака прыйшла маладому спецыялісту, учорашняму выпускніку Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта Віталю Валаткевічу, калі ён у 2016 годзе быў накіраваны на працу доктарам агульнай практыкі ў Аболецкую сельскую ўрачэбную амбулаторыю. Ён звярнуў увагу на тое, што ўстанова аховы здароўя знаходзіцца ў месцы, якое вядомае ў пісьмовых крыніцах яшчэ з ХІV стагоддзя. Але да нашых дзён дайшлі толькі рэшткі скляпенняў, дзе былі пахаваныя служыцелі касцёла. 

Вывучыўшы гісторыю вёскі дасканала, спадар Валаткевіч з дапамогай аднадумцаў пачаў работы па ўзнаўленні пахаванняў і ўстаноўцы помнікаў на месцы, дзе яны стаялі яшчэ ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя. На сённяшні дзень гэта пяць помнікаў з надпісамі пра тых, хто пахаваны на гэтай зямлі.

На адкрыццё памятнага знака сабралася шмат людзей з Абольцаў, Клябані, Дабравольска, Заазер’я і іншых вёсак. З раёна ўдзел у мерапрыемстве прыняла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валевіч А. В.

Пачаўшы з аднаўлення месца пахавання, могілак каля касцёла, Віталій Валаткевіч сумесна з сельвыканкамам плануе аднавіць у межах колішняга касцёла змялелую крыніцу і сажалку. Безумоўна, справа гэтая важная, яна хоць крыху наблізіць аблічча мясціны да яе першаснага выгляду, але патрэбныя для выканання работ пэўныя сродкі.

Ксёндз Іозеф Талачынскага касцёла Святога Антонія асвяціў памятны знак, адправіў імшу, павіншаваў прысутных з важнай падзеяй у жыцці краю. 

1
Maximus / Адказаць
21.09.2018 / 13:03
Дзякуй тебе,Вiктар. За Веру,за гонар,за твое,што Беларус! Дапамагай табе Гасподзь.
7
Гумарэска / Адказаць
21.09.2018 / 18:04
А у Гродне каторы рок «Саюз кантрабандыстау» б'ецца за адкрыццё у цэнтры помнiка «Фальксвагену-Пасату — кармiцелю, ад галечы вызвалiцелю».
2
Туш / Адказаць
21.09.2018 / 18:08
І чыноўніца прымазалася.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру