Паводле рашэння суда адзін з раённых выканкамаў заплаціць 860 рублёў вайсковай часці ў Мінскай вобласці. Аказалася, раённы камісарыят дрэнна абследаваў хлопца і адправіў яго на службу. Праз пару месяцаў яго давялося камісаваць, але на ўтрыманне салдата былі патрачаныя грошы. Пра гэта паведамляе пракуратура Мінскай вобласці.

Пракуратура пачала праверку з-за прызыву 20-гадовага хлопца, які па стане здароўя служыць не мог. Але яго прызваў раённы ваенны камісарыят.

Ужо падчас праходжання тэрміновай службы салдат скардзіўся на здароўе. Камандаванне часткі адправіла яго на абследаванне ў стацыянар, і камісія прызнала непрыдатным да службы ў мірны час. У выніку радавога праз два месяцы датэрмінова звольнілі ў запас паводле хваробы.

«Паводле заключэння Цэнтральнай ваеннай медыцынскай камісіі, прычынай неабгрунтаванага прызыву С. на тэрміновую ваенную службу з'явілася няпоўнае яго абследаванне раённай прызыўной камісіяй», - распавёў старшы пракурор аддзела пракуратуры Мінскай вобласці Дзяніс Кузняцоў.

За перыяд службы в/ч выплаціла салдату грошы, забяспечыла рэчамі і харчаваннем. У цэлым, выдаткі склалі 860 рублёў.

Згодна з законам, мясцовыя ўлады (якія стварылі прызыўныя камісіі) нясуць адказнасць за шкоду, прычыненую дзяржаве, з-за прызыву грамадзян, якія не могуць служыць па стане здароўя або іншых прычынах.

Пракуратура звярнулася ў эканамічны суд Мінскай вобласці. Суд прыслухаўся да довадаў і вырашыў спагнаць з выканкама ў карысць в/ч суму нанесенай шкоды, а таксама дзяржпошліны ў даход бюджэту. Рашэнне суда ўжо ўступіла ў сілу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?